Пачаць праводзіць кальцавую лінію метро плануюць ужо сёлета
Плануецца, што першы ўчастак «пойдзе» ад плошчы Бангалор у бок вуліцы Харкаўскай.
Фота: Lookby.Media
Пачаць праводзіць кальцавую (чацвёртую) лінію метро плануюць ужо сёлета. Пра гэта 2 красавіка падчас сустрэчы з калектывам «Трэста Мінскпрамбуд» распавёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў, пішуць Мінск-навіны.
«Што датычыцца паўночнай часткі лініі, то яе контуры ўжо вызначаны, а паўднёвая — пакуль пралічваецца. Як і раней, будаўніцтва плануюць весці ў некалькі этапаў, якія будуць рэалізоўвацца паслядоўна.
Плануецца, што першы ўчастак пойдзе ад плошчы Бангалор у бок вуліцы Харкаўскай, — удакладніў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.
— Паводле ацэнак экспертаў, на ўзвядзенне чацвёртай веткі ў спакойным тэмпе спатрэбіліся б дзясяткі гадоў, але пастаўлена задача паскорыць яе будаўніцтва прыкладна ў два разы».
Асаблівую ўвагу Чэрнікаў надаў будаўніцтву новых станцый Зеленалужскай (трэцяй) лініі метро — «Парк Дружбы народаў», «Камароўская» і «Пярэспа».
Для іх узвядзення ў чэрвені 2025 года запусцілі тунэлепраходчы механізаваны комплекс «Алеся». Акрамя таго, днямі ў сталіцу даставілі яшчэ адзін такі комплекс, але ўжо не французскай, а кітайскай вытворчасці, якому далі імя «Марыя». Сёння выконваецца яго зборка, пасля чаго ён пачне пракладку тунэля ад «Парка Дружбы народаў» да станцыі «Юбілейная». Дарэчы, за месяц такая тэхніка здольная праходзіць не менш за 250 метраў.
«З студзеня 2026 года вядзецца інжынерная падрыхтоўка тэрыторыі каля гасцініцы «Юбілейная». На праспекце Пераможцаў — ад вуліцы Мельнікайтэ да праспекта Машэрава — скарацілі колькасць палос для руху транспарту: з трох да дзвюх у кожным напрамку. Зараз выконваюцца работы па ўмацаванні калектара, побач з якім будуць пракладваць тунэлі трэцяй лініі. Гэта неабходна, каб забяспечыць яго апорную здольнасць і герметычнасць, выключыўшы ў будучыні рызыку аварый», — патлумачыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.
Таксама недалёка агарадзілі ўчастак Свіслачы. Там пройдзе тунэль, аднак яго давядзецца апусціць у шчыльныя і ўстойлівыя пласты грунту — ніжэй зоны рэчышча на 6—8 метраў. Хвалявацца за бяспеку такога збудавання не варта, паколькі будзе выкарыстана высокадакладная тунэльная пракладка, а яна лічыцца воданепранікальнай.