БЕЛ Ł РУС

На працэс над Алегам Хаменкам сталічныя музыканты баяліся прыходзіць

4.04.2026 / 10:05

Nashaniva.com

Музыка сустракае дзень народзінаў у зоне першы раз.

4 сакавіка Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя». Заснавальніку і лідару гурту «Палац» палітвязню Алегу Хаменку 4 красавіка спаўняецца 59 гадоў, піша Радыё Свабода.

Гэта першы дзень народзінаў, які музыка адзначае ў зняволенні.

Пра ўмовы ўтрымання, маральны стан і здароўе Алега Хаменкі Свабодзе расказала крыніца:

«Праз месяц пасля прысуду, наколькі вядома, Алег знаходзіцца ў мінскім СІЗА ў пасёлку Калядзічы і чакае апеляцыі. Ён не пагадзіўся з прысудам і спадзяецца на яго скасаванне.

Пра працэс вядома вельмі мала: людзі, у тым ліку сталічныя музыкі, баяцца прыходзіць на такія пасяджэнні», — сказала крыніца.

Пра ўмовы ўтрымання вядома няшмат: «На ўмовы ў камеры не наракаў. Перапіска вядзецца, але пра дэталі знаходжання ў СІЗА ў лістах ад яго няма інфармацыі. Але вядома, што скаргаў на ўмовы не падаваў».

Пра здароўе Алега кажа так: «Чалавеку праз год будзе 60, таму здароўе адпаведнае. Лекі да яго даходзяць. Маральны стан можна ўявіць: арышт у такім узросце асабліва цяжкі, але сказаць, што ён зусім разгубіўся, нельга. Трымаецца».

Музыку затрымалі ў чэрвені мінулага года, а 4 сакавіка сёлета асудзілі на 3 гады зняволення паводле арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — за супрацоўніцтва з рэдакцыяй «Беларускага Радыё Рацыя», прызнанай у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Менскі гарадскі суд прысудзіў Алегу Хаменку 3 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф больш за 20 000 рублёў. Праваабаронцы прызналі Хаменку палітвязнем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула