Удзел Ірана ў чэмпіянаце свету па футболе застаецца пад пытаннем
Канчатковае рашэнне прымуць іранскія ўлады.
Фота: Gao Meng/VCG via Getty Images
Міністр спорту Ахмед Доньямалі заявіў на дзяржаўным тэлеканале Irib, што канчатковае рашэнне будзе прынята Вышэйшай радай нацыянальнай бяспекі Ірана сумесна з урадам, піша Bild.
Вышэйшая рада нацыянальнай бяспекі з’яўляецца галоўным выканаўчым органам краіны і дзейнічае пад наглядам Вышэйшага кіраўніка Маджтабы Хаменеі, а таксама пад кіраўніцтвам прэзідэнта Масуда Пезешкіяна. Футбольная федэрацыя і Міністэрства спорту Ірана адказваюць толькі за падрыхтоўку нацыянальнай зборнай.
Раней прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына настойваў на ўдзеле Ірана ў турніры. У адным з інтэрв’ю ён заявіў: «Мы хочам, каб Іран гуляў, і Іран будзе гуляць на Чэмпіянаце свету. Планаў Б, В або Г няма — ёсць толькі план А».
Чэмпіянат свету па футболе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы стартуе 11 чэрвеня. Іран павінен згуляць свае матчы ў ЗША ў адной групе з Бельгіяй, Егіптам і Новай Зеландыяй.
Раней паведамлялася. што магчыма, матчы Ірана перанясуць у Мексіку. Або ў выпадку зняцця зборнай з чэмпіянату, яе заменяць лепшай камандай з Азіі па рэйтынгу. Паколькі зборная Ірака прабілася на мундыяль праз стыкі, то такой зборнай магла б стаць каманда ААЭ.