У Германіі мужчын прызыўнога ўзросту абавязалі ўзгадняць з Бундэсверам працяглы выезд за мяжу
У Германіі ўвялі новыя правілы, звязаныя з вайсковым абавязкам, якія закранаюць мужчын прызыўнога ўзросту. Як паведамляе Euronews, мужчыны ва ўзросце ад 17 да 45 гадоў цяпер павінны атрымліваць дазвол ад Бундэсвера, калі плануюць выезд за мяжу на тэрмін больш за тры месяцы.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Image
Гэта частка новага закона аб мадэрнізацыі вайсковай службы, які ўступіў у сілу з пачатку 2026 года. Яго галоўная мэта — узмацніць і абнавіць сістэму абароны краіны, а таксама павялічыць колькасць вайскоўцаў у будучыні. Улады хочуць, каб больш людзей было зарэгістравана і гатова да службы пры неабходнасці.
Фармальна гаворка ідзе пра абавязак: з 17 гадоў мужчыны павінны звяртацца ў адпаведныя органы Бундэсвера, калі збіраюцца надоўга пакінуць краіну. Але пры гэтым улады адзначаюць, што пакуль служба застаецца добраахвотнай, то дазвол, як правіла, будзе давацца аўтаматычна — працэдура павінна быць спрошчанай.
Аднак канкрэтныя інструкцыі яшчэ да канца не ўведзеныя, таму юрыдычна патрабаванне атрымання дазволу пакуль працягвае дзейнічаць.
Закон таксама звязаны з агульнай сітуацыяй у Еўропе пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. У Германіі актыўна абмяркоўваюць пытанні бяспекі і магчымасць узмацнення вайсковай падрыхтоўкі, у тым ліку вяртанне да больш абавязковага ўліку і падрыхтоўкі грамадзян.
Плануецца, што ў будучыні колькасць вайскоўцаў у Германіі значна павялічыцца. Таксама дзяржава хоча мець інфармацыю пра тое, дзе знаходзяцца грамадзяне, каб у выпадку крызісу разумець, хто даступны для службы.
Для маладых людзей гэта можа мець практычныя наступствы: напрыклад, калі яны плануюць вучобу за мяжой або працяглае падарожжа, ім, магчыма, давядзецца атрымліваць спецыяльны дазвол загадзя.
Пакуль не зусім ясна, якія будуць наступствы за парушэнне гэтага патрабавання, і ўлады яшчэ працуюць над удакладненнем правіл і магчымых выключэнняў.
Чытайце таксама:
У Германіі патрабуюць вярнуць абавязковы прызыў у армію ўжо сёлета
У Германіі зноў абмяркоўваюць вяртанне службы па прызыву
«Мы не дазволім Расіі ўбіць клін паміж намі». Мерц адправіў танкавую брыгаду бундэсвера ў Літву