БЕЛ Ł РУС

«Тут немагчыма сустрэць п’яных». Беларус расказаў, як жыве на іншым баку зямнога шара

4.04.2026 / 23:41

Nashaniva.com

Ягор Курманаў, 34‑гадовы праграміст з Мінска, вельмі любіў родны горад, але неспадзявана для самога сябе апынуўся ў Новай Зеландыі — афіцыйна найбольш далёкай ад Беларусі краіне. Пра жыццё на процілеглым баку зямнога шара, зіхатлівае мора, расслабленых людзей і пра тое, колькі там зарабляюць, беларус расказаў выданню «Анлайнер».

Сюрпрыз

«Я нарадзіўся і вырас у Мінску. Так, я люблю падарожнічаць, шмат дзе бываў, паглядзеў свет. Але ніколі надоўга не лётаў з Беларусі. Заўсёды прытрымліваўся выразнай ідэі: «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Тут мая сям'я. Як я магу з'ехаць, кінуць усё? Што за трызненне наогул такое? У Беларусі добра жыць, камфортна, асабліва калі пашанцавала з працай.

Я скончыў ФКСіС БДУІР. На чацвёртым курсе ўладкаваўся на пару месяцаў на практыку ў адну маленькую прыемную кампанію, а ў выніку прапрацаваў там 11 гадоў. Так, я той самы айцішнік, працую ў сферы фінансавых тэхналогій, у асноўным з прадуктамі Microsoft.

У маёй індустрыі трэба мяняць працу кожныя 2—3 гады, каб хутка расці ў заробку. Але я гэтага не рабіў: быў адданы сваёй кампаніі, напэўна. Увогуле, 11 гадоў я прапрацаваў на адным месцы — і стаў разумець, што мой заробак ужо даўно не расце. Пара штосьці мяняць. Скончыў дома рамонт, абсталяваў сабе кабінет, усё па апошнім слове тэхнікі… Адправіў рэзюмэ ва ўсе канцы планеты. Шукаў такія опцыі, каб заставацца ў Беларусі і працаваць аддалена.

У выніку мяне запрасіла на сумоўе вялікая і крутая кампанія з Новай Зеландыі. Я прайшоў усе інтэрв'ю: першы, другі, трэці этап… Быў вельмі ўражаны. У выніку мне паведамілі: «Мы цябе чакаем у офісе!» — «Але я ж падаваўся на аддаленую пазіцыю». — «Ой, прабач». І толькі тут высветлілася, што опцыі працаваць аддалена ў іх няма. Ад мяне патрабавалася сесці на самалёт і прыляцець у Окленд, самы буйны горад Новай Зеландыі.

І я вырашыў: чаму б і не, чорт вазьмі! Проста махнуў рукой: добра, паспрабую. Наважыўся ўсё памяняць. Памятаю, некалькі гадоў таму быў у Інданезіі, на Балі, і думаў: «Так далёка ад дому я ніколі больш не забяруся!» І тут — Окленд…»

Ад Ягора сапраўды патрабавалася толькі сесці ў самалёт. Усе астатнія пытанні, уключаючы працоўную візу, афармленне дакументаў і выдаткі на пералёт, узяў на сябе працадаўца.

«Да Новай Зеландыі я ляцеў трое сутак. Пералёт даволі пакутлівы: Мінск — Масква, Масква — Пекін, Пекін — Окленд. Я ўсё жыццё прывык лічыць, што беларусы — самыя добрыя, вясёлыя і добразычлівыя. У Маскве і Пекіне ў памежнікаў, мякка кажучы, панурыя твары. І вось я прызямліўся ў Оклендзе 1 студзеня 2025-га, а там у аэрапорце ўсе шчыра ўсміхаюцца, падыходзяць да мяне, кажуць: «Прывітанне! Як здорава, што ты цяпер тут». Я быў у шоку, калі шчыра! У захапленні! Больш за ўсё мяне ўразілі людзі».

Новазеландцы — адна з самых добразычлівых нацый, паўтарае Ягор. Нягледзячы на гэта, цяжкасці адаптацыі не абышлі яго бокам.

«Шчыра кажучы, у мяне заўсёды была вельмі дрэнная англійская. Я вучу яе з першага класа, але са школы выйшаў з ніякімі ведамі. Як і з універсітэта. Уся мая англійская — гэта тое, што я падабраў з відэагульняў. Дзякуй маім былым калегам і босу ў Мінску: спачатку мне дапамагалі адказваць на лісты еўрапейскім заказчыкам, потым даверылі перапісвацца ў чаціку з прадстаўнікамі кліента, у нейкі момант мы перайшлі на стэлефаноўванні голасам.

Так, было вельмі складана, але кожны раз я патроху рос — і гэта доўжылася 11 гадоў. Пасля таго, як я прайшоў сумоўе на англійскай для кампаніі з Новай Зеландыі, я вырашыў, што выжыву. Але ў Оклендзе высветлілася, што мясцовы акцэнт — ківі-інгліш — вельмі цяжка разумець на слых.

Таму пасля 8 гадзін у офісе я, змучаны і стомлены, ішоў не дадому, а на мітапы — сустрэчы для замежнікаў, дзе людзі проста камунікуюць, гуляюць у настолкі. У выніку мой слоўнікавы запас і здольнасць разумець на слых значна выраслі. Так, праз год з лішнім у Новай Зеландыі я ўсё яшчэ крыва будую сказы, але ўжо адчуваю сябе значна больш упэўнена: магу патлумачыць па-англійску што заўгодна».

Фермеры на ўласных верталётах

Апісваючы Новую Зеландыю, людзі часта заўважаюць, што расслабленасць і лайтовы вайб літаральна разлітыя ў паветры. Маўляў, усё тут «па-вясковаму», па-простаму. Ніхто нікуды не спяшаецца.

«Так, гэта праўда, расслабленасць тут на ўзроўні, — пагаджаецца Ягор. — Вайб рэлаксавы, ніхто нікуды не спяшаецца. Ведаеце, як можна пазнаць новазеландца? Ён проста ідзе па вуліцы басанож — і гэта нармальна. Ці прыходзіць у краму ў піжаме.

На працы ніхто не ўкалвае як шалёны. Ніхто не хоча авертайміць, новазеландцы клапоцяцца пра work-life balance. У пятніцу ў маёй кампаніі, як і ў большасці іншых, усе заканчваюць на гадзіну раней, ідуць на кухню, бяруць снэкі, гуляюць у пінг-понг, балбочуць, чацяцца… І так кожны тыдзень.

У маім аддзеле — салянка з экспатаў: палякі, славакі, азіяты, людзі з Паўднёвай Афрыкі… Але калі вам не пашанцавала трапіць у кампанію, якой валодаюць японцы ці кітайцы, усё будзе не так салодка: ім і ў Новай Зеландыі work-life balance абсалютна не цікавы, задача — выціснуць з супрацоўніка ўсё, каб ён прынёс як мага больш прыбытку.

А яшчэ тут няма понцікаў і гульняў са статусам. Нікога не хвалюе, якая ў цябе машына ці знешні выгляд. Дапусцім, заробак дазваляе чалавеку ездзіць на BMW апошняй мадэлі, а ён прыедзе на старэнькай Toyota — гэта цалкам нармальна. Людзі апранаюцца спакойна, ніхто не «абмазваецца» люксавымі сумачкамі. А яшчэ — ва ўсіх татуіроўкі. Маары з татуіраванымі тварамі і целамі — паўсюль. І з-за знешняга выгляду ніхто нікога не буліць.

Калі праходзяць першыя захапленні, ты разумееш, што Новая Зеландыя — гэта, па сутнасці, вельмі вялікая ферма. Велізарная.

Тут можна сустрэць рэднэкаўскі погляд на жыццё. Тут шмат фермераў — гэта вельмі, вельмі багатыя людзі. Фермеры прылятаюць у Окленд на ўласных верталётах, у іх усё добра. Тут шалёная колькасць кароў і авечак. На піку ў краіне было 70 мільёнаў авечак на 5 мільёнаў насельніцтва. Чалавек, які валодае статкам у тысячу галоў, — гэта забяспечаны мужчына. Фермы бясконца цягнуцца ва ўсе бакі.

Менавіта таму тут вельмі крутая малочка, вядомая. Я недзе чытаў, што Новая Зеландыя — на першым месцы па вытворчасці і спажыванні малочных прадуктаў, а Беларусь — на другім. У гэтым сэнсе мы вельмі блізкія. Нават у гатэлі ў Катары ці на рэйсе Пекін — Масква падаюць менавіта новазеландскае масла».

Ці ўдалося Ягору «выйсці ў Новую Зеландыю», пасябраваць з мясцовымі — ці ўвесь свой вольны час ён праводзіць у коле такіх жа экспатаў, як і ён сам?

«Яшчэ ў Мінску, гадоў з 10 таму, я заняўся фаер-шоу: выступаю з гарачымі поі (шарамі, звязанымі вяроўкай), выконваю трукі. Гэта ў мяне хобі такое. Аказалася, што поі прыдумалі маары, карэнны народ Новай Зеландыі. Я зусім выпадкова сустрэў у Оклендзе хлопцаў, якія выступаюць з агнём. Так што так, я «выходжу ў Новую Зеландыю», уліўся ў мясцовую тусоўку.

Факт, які здзівіў мяне: тут немагчыма сустрэць п’яных людзей. За тое, нап’ецца чалавек ці не, адказвае ўстанова, дзе ён адпачывае. Бармэн проста не налье табе напой, калі лічыць, што ты занадта п’яны. Я неяк папрасіў 6 стопак тэкілы. Бармэн уважліва паглядзеў на мяне, спытаў, адзін я ці з кампаніяй. Убачыўшы маіх сяброў, ён старанна пералічыў кожнага, пераканаўся, што нас шасцёра, і толькі потым абслужыў.

У Новай Зеландыі гэта закон: у кожнай установе вісіць таблічка: «Калі вы п’яныя, мы вам не нальём». Падобныя правілы дзейнічаюць і ў крамах. Калі хочаш купіць піва, то пашпарт касіру павінен паказаць не толькі ты сам, але і ўсе, хто прыйшоў з табой. Я быў у шоку, калі шчыра.

А яшчэ новазеландцы — вельмі сумленныя і прыстойныя. Напрыклад, «чорная пятніца», як і іншыя дні святочных зніжак, гэта сапраўдная «чорная пятніца». Людзі спецыяльна адкладаюць пакупкі, калі хочуць набыць штосьці вартае. Зусім хутка Вялікдзень, да яго таксама прымеркаваныя зніжкі.

Адзіны мінус: ніводзін супермаркет не будзе працаваць 4 дні запар. Таму што Вялікая пятніца (Good Friday) і Велікодны панядзелак (Easter Monday) — гэта афіцыйныя дзяржаўныя выхадныя. Так было і ў мінулым годзе. І гэта мяне шакавала! Калі я не куплю прадукты загадзя, то буду сядзець, як дурань, без ежы ці прыйдзецца ісці ў бар.

У звычайныя дні крамы закрываюцца каля 18:00 — гэта таксама трэба ўлічваць. Так, маленькія крамкі, convenience store, дзе ёсць толькі снэкі і тавары першай неабходнасці, працуюць амаль кругласутачна. Але цэны там могуць быць х3, х4, таму што іх ставяць уладальнікі проста са столі».

Зарапады і зіхатлівае мора

Не выпадкова Пітэр Джэксан здымаў «Уладара пярсцёнкаў» і «Хобіта» ў пейзажах роднай Новай Зеландыі. Наўрад ці Міжзем'е атрымалася б такім эпічным у іншых шыротах.

«Тут фантастычная прырода, — пацвярджае Ягор. — Акіян з велізарнымі бясконцымі хвалямі, усё зялёнае, горы, зусім унікальныя птушкі ківі, па якіх усе вар'яцеюць…

У мінулым годзе я злётаў на суседні Паўднёвы востраў у Куінстаўн: вельмі папулярнае турыстычнае месца. Там ёсць горы і снег, я пакатаўся на сноўбордзе. Усюды прыгажосць неапісальная. Пляжы — гэта проста неверагодна. Заўсёды бясконцыя. На адным узбярэжжы — светлыя пяскі, на другім — чорныя вулканічныя… І там можа быць нуль людзей. Праўда, вада халодная, як у Беларусі ў азёрах: 19 градусаў у добры летні дзень. Я не вялікі аматар купацца тут. Але хаджу серфіць: у гідракасцюме адчуваеш сябе як у ванне: цёпла, камфортна.

Тое, да чаго цяжка прывыкнуць беларусу: дзе б вы ні жылі ў Оклендзе, да акіяна — усяго 10 хвілін. Направа пойдзеш — Тасманава мора, налева — Ціхі акіян.

Гэта зусім іншая частка свету, таму шмат усякіх цікавостак. Напрыклад, за месяц тут распладзіўся біялюмінесцэнтны планктон: кожную ноч мора ззяла сінімі ўспышкамі. Проста неверагодныя кадры, так здорава! Я за гэтай з’явай палюю які ўжо год.

А яшчэ тут растуць дрэвы каўры — велізарныя, тысячагадовыя. Яны не сустракаюцца нідзе, акрамя Новай Зеландыі.

Каўры з усіх сіл стараюцца ахоўваць. З’явілася зараза, якая іх есць — Phytophthora agathidicida, і яе можна выпадкова перанесці праз глебу, якая прыліпла да абутку. А тут вельмі шмат трэкаў для хады. Уся краіна стракаціць ад дарожак для хайкінгу. Побач з каўры стаяць шчоткі, каб ты ачысціў свой абутак, памыў з пенай, не заразіў дрэва. І на зваротным шляху — тое ж самае. Усе старанна чысцяць шчоткамі абутак. Так перажываюць з-за сваёй прыроды, нават кранальна.

Я люблю паназіраць за цёмным зорным небам. У Мінску ездзіў глядзець на Персеіды ў жніўні, а тут іншае паўшар'е, лаўлю іншыя зарапады — Эта-Акварыды.

Яшчэ ў Оклендзе вельмі смачная і чыстая вада проста з-пад крана. Я быў здзіўлены. Карыстаюся 7 месяцаў адным чайнікам — у ім не проста няма накіпу, ён ззяе. Я гугліў, як такое магчыма. Кажуць, прычына ў тым, што вада тут прыходзіць не з падземных крыніц з мінераламі, а выпадае ў выглядзе дажджу ў азёры і рэкі.

А вы ведалі, што фрукт ківі назвалі ў гонар птушкі, а не наадварот? Новазеландцы лічаць ківі сваім нацыянальным фруктам, хоць быццам бы яго завезлі з Кітая. Мясцовыя часта ядуць ківі як яблык: са скуркай, з валаскамі, цалкам. Я паспрабаваў — не так ужо і дрэнна».

Цэны

У Новай Зеландыі існуе ўласная валюта — новазеландскі даляр, NZ$. І каштуе ён прыкладна 0,57 даляра звычайнага, амерыканскага. Але для зручнасці нашых чытачоў мы будзем прыводзіць усе цэны ў далярах ЗША.

«Мінімальны заробак у Новай Зеландыі — каля $14 за гадзіну. Столькі плацяць, напрыклад, афіцыянтам і прадаўцам у краме. Заробкі ў IT, я думаю, звычайныя для індустрыі. Сярэдні заробак распрацоўшчыка ў месяц — каля $5000, — кажа Ягор.

— Але кошт жыцця ўражвае не менш. Цэны на арэнду нерухомасці ў Оклендзе напалохалі мяне. Дарэчы, 95% новазеландцаў жывуць у прыватных дамах. І толькі невялікі кавалачак гарадской забудовы ў цэнтры, два квадратныя кіламетры, заняты шматпавярховікамі — офісамі і бізнэс-апартаментамі, дзе можна зняць кватэру. А аплату за арэнду тут прынята ўносіць кожны тыдзень, а не раз на месяц.

Спачатку я здымаў бізнэс-апартаменты за $1375 у месяц. Але потым пераехаў у больш танныя — за $1030. Мае апартаменты — гэта «еўрадвойка» па-нашаму: асобная спальня і кухня з невялікай гасцёўняй.

Вось чаму новазеландцы такія добразычлівыя? З маіх назіранняў, гэта непасрэдна звязана з кватэрным пытаннем. Тут вельмі дарагая нерухомасць. Не кожны гатовы заплаціць за дом у Оклендзе $1 мільён. Як толькі новазеландзец вырастае і збягае з бацькоўскага гняздзечка, у яго няма варыянту зняць кватэру за $1400 у месяц. Таму ён здымае пакой у доме. Там жыве яшчэ 3—5 суседзяў: у кожнага свой пакой, а кухня — агульная. І такімі камунамі яны і жывуць. У выніку новазеландцы вельмі моцна сацыялізаваныя. Яны шмат камунікуюць, умеюць быць ветлівымі і зручнымі суседзямі.

Амаль адразу я купіў машыну: гэта вельмі танна, таму што няма вялікіх увазных пошлін. За Honda Freed 2012 года я заплаціў $4000. Недарагія, чысценькія і надзейныя аўто прыязджаюць напрамую з Японіі. За паркоўку я плачу каля $160 у месяц — для беларусаў гэта неадэкватныя лічбы.

Цэны на камунальныя паслугі, інтэрнэт, мабільны тэлефон — усё гэта можа прывесці ў жах беларуса. Самы танны тарыф з безлімітным інтэрнэтам для тэлефона — $26, а звычайны — $46. Электрычнасць абыходзіцца ад $35 да $65 у месяц у залежнасці ад сезона.

Медыцына тут не бясплатная, але каля 70% выдаткаў спансуе дзяржава. Напрыклад, прыём у тэрапеўта каштуе $120, але чалавеку рэальна трэба заплаціць толькі $35—40. Чым багацейшы раён, тым больш плаціць пацыент у паліклініцы. Маючы працоўную візу на 5 гадоў, я валодаю тымі ж правамі, што і грамадзяне Новай Зеландыі. Таму дзяржава плаціць за мае медыцынскія выдаткі гэтак жа сама. Але візіт да доктара для турыстаў — гэта, вядома, балючы ўдар па кашальку.

Дарэчы, яшчэ адзін дзіўны факт: тут, у адрозненне ад Мінска, амаль на кожныя лекі патрэбен рэцэпт доктара. Некаторыя рэчы — зусім нечаканыя. Напрыклад, дыклафенак. У Беларусі ты можаш сам купіць ампулу, шпрыц, укалоць сабе — і радавацца. І ніхто не спытае навошта. А ў Новай Зеландыі, калі ў цябе баліць спіна, ні таблеткі, ні ампулы для ўколу купіць у аптэцы без рэцэпта не атрымаецца.

Яшчэ адзін пункт выдаткаў: грамадскі транспарт. Па горадзе ездзяць цягнікі (яны вельмі рэдка заходзяць пад зямлю, так што словам «метро» гэта назваць немагчыма) і двухпавярховыя, як у Лондане, аўтобусы. А ў некаторыя часткі Окленда хутчэй можна трапіць паромам, чым цягніком. Кожны раз, уваходзячы і выходзячы ў транспарт, трэба прыкладаць картку — і ніколі загадзя не вядома, колькі з цябе спішуць. Якія-небудзь неверагодна складаныя алгарытмы разлічваюць, колькі зон ты праехаў і межаў перасёк. Самая танная паездка абыдзецца ў $2,30, самая дарагая — у $4,60.

Усе сэрвісы таксама даражэйшыя. Я быў у Мінску нядаўна, прыязджаў да бацькоў на Новы год. Стрыжка ў барбершопе абышлася мне ў 80 рублёў. А ў Новай Зеландыі — мінімум у $40, гэта значыць 120 рублёў. Як бачыце, розніца ў паўтара, а месцамі і ў два разы. Прычым у Беларусі цябе ў барбершопе з усіх бакоў абліжуць, папырскаюць усім, чым можна, памыюць валасы да і пасля стрыжкі, зробяць укладку… У Оклендзе ж за 120 рублёў… проста падстрыгуць.

А яшчэ ў Новай Зеландыі існуе камісія за Apple Pay — 2%. Прыходзіцца па-старому даставаць банкаўскую картку, устаўляць у апарат і кожны раз уводзіць пін-код, інакш усё жыццё становіцца даражэй на 2%. Гэта моцна раздражняе. Усе замежнікі ў шоку! Удалечыні ад дома мне не хапае звыклых маркетплэйсаў. І каталога «Анлайнера»! І бясплатнай дастаўкі з супермаркетаў.

Адзінота

Часам Ягор сумуе па доме. Усё ж такі ад Мінска яго аддзяляюць прыкладна 17 000 кіламетраў, трое сутак дарогі — і білеты коштам у $2000.

«На жаль, я ніколі не бачыў беларусаў тут, у Новай Зеландыі. Аднойчы я сустракаў чалавека, які казаў, што ведае чалавека, які бачыў беларуса», — смяецца Ягор.

Няпроста быць адзіным беларусам на процілеглым баку зямнога шара. Але, здаецца, Ягор годна з гэтым спраўляецца.

Чытайце таксама:

«Я нідзе не еў смачнейшай бульбы». Як беларус знайшоў сябе на краі свету

22‑гадовая беларуска жыве ў Новай Зеландыі і расказвае, як яно

Вольга Касцюк нарадзілася ў Радчыцку Столінскага раёна, а жыве ў Новай Зеландыі. Яе кніга напісаная на гаворцы, на якой яшчэ ніхто не пісаў

Зеландыя: кантынент, які амаль цалкам схаваны пад вадою

Каментары да артыкула