У Беларусі прайшлі першыя навальніцы. У бліжэйшыя дні паўторацца разам са шквалістым ветрам
Беларусь сустрэла першыя вясновыя навальніцы на фоне моцнага ветру. Пакуль большую частку краіны сагравае антыцыклон, але сітуацыя пачне імкліва мяняцца ўжо да вечара нядзелі, піша канал «Метеавайб».
Беларусь рыхтуецца да сустрэчы з вясновымі навальніцамі на фоне ўварвання арктычнага паветра.
Мінулая ноч ужо адзначылася моцным ветрам, пік якога зафіксавалі ў Слаўгарадзе — парывы там дасягалі 22 м/с.
Таксама ноччу ў сталічным рэгіёне прайшлі першыя навальніцы.
Хоць нядзельны дзень яшчэ радуе жыхароў паўднёвага захаду цяплом, сітуацыя пачне імкліва пагаршацца ўжо да вечара. Халодны фронт прынясе кароткачасовыя дажджы і шквалістае ўзмацненне ветру да 20 м/с, месцамі магчымыя навальніцы.
У панядзелак, 6 красавіка, характар надвор’я зменіцца яшчэ больш радыкальна. Краіна апынецца пад уплывам актыўнага цыклона «Рапунцэль» з цэнтрам над Фінляндыяй. Яго халодныя франты адкрыюць дарогу ледзяному паветру з поўначы Еўропы. Сіноптыкі папярэджваюць, што з-за вялікага перападу ціску вецер на большай частцы тэрыторыі краіны ўзмоцніцца да 15—20 м/с, а ў асобных раёнах днём чакаюцца парывы да 22 м/с.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад +1 да +8°С, а днём не падымецца вышэй за +6..+12°С, і толькі па паўднёвым усходзе затрымаецца цяпло да +14°С. У Мінску ў панядзелак чакаецца каля +8..+10°С, кароткачасовыя дажджы і магчымая навальніца ў другой палове дня пры парывістым ветры.