Украіна абвяргае сваю датычнасць да выбухоўкі, знойдзенай каля газаправода з расійскім газам у Сербіі
Прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхій заявіў, што Украіна не мае дачынення да выбухоўкі, знойдзенай каля трубаправода «Турэцкі паток» у Сербіі.
«Хутчэй за ўсё, гэта расійская аперацыя пад ілжывым сцягам у межах маштабнага ўмяшання Масквы ў венгерскія выбары», — выказаўся ён.
Нагадаем, раніцай 5 красавіка сербская армія і паліцыя знайшлі за некалькі сотняў метраў ад газаправода два заплечнікі і два вялікія пакеты з магутнай выбухоўкай, а таксама сродкі для яе дыстанцыйнага падрыву.
Выбухоўка, паводле слоў прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, была закладзена на ўчастку газаправода, які злучае Сербію і Венгрыю. Гэты газаправод з’яўляецца працягам «Балканскага патоку» (другая нітка «Турэцкага патоку»).