БЕЛ Ł РУС

Пакістан падрыхтаваў план спынення вайны паміж ЗША і Іранам, які прадугледжвае адкрыццё Армузскага праліва

6.04.2026 / 11:07

Nashaniva.com

Галоўнакамандуючы арміяй Пакістана ўвесь вечар падтрымліваў кантакты з Джэй Дзі Вэнсам, Стывам Уіткафам і міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы.

Фота: Elke Scholiers/Getty Images

Пакістан падрыхтаваў план спынення вайны паміж ЗША і Іранам, які прадугледжвае адкрыццё Армузскага праліва. Reuters сцвярджае, што ён можа ўступіць у сілу ўжо сёння.

Падрыхтаваны Пакістанам план прадугледжвае двухэтапны падыход: неадкладнае спыненне агню (што дазволіць адкрыць Армузскі праліў) з наступным заключэннем усебаковага пагаднення. На гэта адводзіцца 15—20 дзён, піша Reuters.com

Чакаецца, што канчатковае пагадненне ўключыць абавязацельствы Ірана не развіваць ядзерную зброю ў абмен на змякчэнне санкцый і разблакіроўку замарожаных актываў, сказала крыніца.

Па яе словах, галоўнакамандуючы арміяй Пакістана Асім Мунір ўвесь вечар падтрымліваў кантакты з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам, спецыяльным пасланнікам Трампа Стывам Уіткафам і міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы.

«Усе элементы павінны быць узгоднены сёння», — сказаў суразмоўца Reuters.

Аднак, па словах дзвюх пакістанскіх крыніц, Іран пакуль не даў згоды на гэты план, нягледзячы на актывізацыю дыпламатычных і ваенных кантактаў.

Учора Дональд Трамп анансаваў пекла ў Іране ўжо заўтра ў аўторак, калі Іран не аддасць праліў.

«У аўторак у Іране будзе «Дзень электрастанцый» і «Дзень мастоў» — усё ў адным. Нічога падобнага яшчэ не было!!! Адкрыйце гэты чортавы праліў, шалёныя вырадкі», альбо вы будзеце жыць у Пекле — проста глядзіце! Хвала Алаху!» — напісаў ён учора.

Да пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам (28 лютага) праз Армузскі праліў праходзіла каля пятай часткі сусветных паставак нафты. З пачаткам вайны Іран фактычна закрыў праход праз праліў. У канцы сакавіка Іран заявіў, што «варожым» краінам будзе і далей забаронена карыстацца пралівам.

Чытайце таксама:

Камандаванне ваенна-марскіх сіл Ірана: Армузскі праліў ужо ніколі не вернецца да свайго ранейшага стану

ЗША і Іран робяць «апошнюю спробу» дамовіцца пра мір

«Адкрыйце гэты чортавы праліў, шалёныя вырадкі!» Трамп анансаваў пекла ў Іране ўжо ў гэты аўторак

Каментары да артыкула