На прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно» быў пажар
На прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно» адбылося ўзгаранне, якое аператыўна ліквідавалі ратавальнікі, паведаміла прэс-служба МНС.
Скрыншот з відэа
Інцыдэнт здарыўся ўдзень 6 красавіка ў хімічным цэху падчас планавых тэхналагічных работ. Пажар заўважылі супрацоўнікі МНС, якія дзяжурылі на прадпрыемстве для кантролю бяспекі.
Пасля спрацоўвання пажарнай сігналізацыі чатыры работнікі самастойна эвакуяваліся з памяшкання. Пацярпелых няма.
На тушэнне прыцягвалі 12 адзінак тэхнікі. Узгаранне хутка ліквідавалі, а на працу прадпрыемства, як сцвярджаецца, гэта не паўплывала — тэхналагічны працэс працягваецца ў звычайным рэжыме.