БЕЛ Ł РУС

Высветлілі, як есці той папулярны зефір, які абмяркоўваюць у сацсетках праз яго паслабляльны эфект

7.04.2026 / 15:27

Міра Нікановіч

У Threads толькі і размаўляюць пра бабруйскі зефір NanoFit — аказалася, ён мае паслабляльны эфект, і часам вельмі моцны. «Наша Ніва» высветліла, колькі яго можна з’есці, каб ад ласунку засталіся толькі прыемныя ўспаміны.

Фота: viktoryia.sk / Threads

У Threads актыўна абмяркоўваюць зефір NanoFit ад бабруйскага «Чырвонага харчавіка». Гэты прадукт прэзентуюць як здаровае харчаванне, бо ў яго складзе замест цукру ёсць падсалоджвальнік мальтыт, і каларыйнасць таго ласунку ніжэйшая за звычайны зефір.

Але ж выявілася, што гэты зефір мае паслабляльны эфект. Пра гэта напісала карыстальніца Threads — маўляў, падзяліцеся ўражаннямі, ці не распачалася ў вас ад таго зефіру дыярэя. І атрымала больш за тысячу каментароў ад карыстальнікаў, якія мелі з тым зефірам падобны досвед. Шмат каму зрабілася цікава выпрабаваць зефір на сябе, і попыт на яго ўзляцеў. Пішуць, што цяпер яго складана купіць. 

Дарэчы, на ўпакоўцы зефіру ёсць папярэджанне ад вытворцы: «Змяшчае падсалоджвальнікі. Пры празмерным ужыванні могуць аказваць паслабляльнае дзеянне». 

Але як зразумець, колькі можна з’есці таго зефіру? Журналістка «Нашай Нівы» пазваніла ў «Чырвоны харчавік» як спажывальніца. Супрацоўніца прадпрыемства адказала:

«Я вам не магу сказаць дакладна, бо гэта ўсё залежыць ад арганізма. Але магу сказаць па сабе — я пачынала яго есці з чвэртачкі, каб паглядзець, як на яго будзе рэагаваць арганізм. У яго складзе ёсць мальтыт. У некаторых людзей ён нічога не выклікае, а ў некаторых выклікае разлад, уздуцце жывата.

Калі вы жадаеце пачаць яго есці, паспрабуйце пачынаць з чацвярцінкі і паступова павялічваць дазіроўку. Арганізм тады будзе прывыкаць да падсаладжальніка».

Гэты рэцэпт прадпрыемства распрацоўвала 2,5 года разам з навукоўцамі з Акадэміі навук.

Бяспечная доза мальтыту звычайна складае 20‑40 грамаў на дзень, але многае залежыць ад адчувальнасці арганізма. У адной зефірынцы — 26 г мальтыту.

Чытайце таксама:

У бабруйскага зефіру з лінейкі здаровага харчавання праявіўся паслабляльны эфект

«Найвялікшая бясплатная рэклама ў гісторыі». Слоічак Nutella нечакана ўварваўся ў прамую трансляцыю палёту вакол Месяца

У модзе новая эра бландзінак

Каментары да артыкула