БЕЛ Ł РУС

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну

7.04.2026 / 16:20

Nashaniva.com

Выданне Plan B. піша пра новую ідэю Аляксандра Лукашэнкі па выратаванні праблемнай сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці. Сутнасць яе ў тым, каб прыцягнуць паспяховых бізнэсменаў і перадаць ім пад кіраванне цэлыя аграрныя раёны або структуры. Пры гэтым ёсць ужо і першая ластаўка.

Яўген Баскін 

Па інфармацыі Plan B., у рамках пілотнага праекта ўвесь аграпрамысловы комплекс Дубровенскага раёна перадалі бізнэсмену Яўгену Баскіну, уладальніку групы кампаній «Сервалюкс», буйнога вытворцы мяса кур-бройлераў. Для гэтага нават стварылі асобную кампанію — «Дуброўна Дэйрыз», якая будзе займацца развіццём мясцовых гаспадарак.

Ідэя з’явілася пасля нарады ў лютым, дзе Лукашэнка заявіў, што знайшоў «адказных людзей» для часткі аграпрамысловых аб’яднанняў вобласці. Акрамя Баскіна, у праект уключылі таксама іншых буйных бізнэсменаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў.

«На тры структуры я вам адказных людзей знайшоў. Якія дапамогу акажуць і спытаюць, і запатрабуюць, і мяне праінфармуюць… Вось вам, кажу, мужыкі, сыравінныя зоны. Тры з шасці. Ну а на тры самі знойдзеце. Гэта будуць вашы памочнікі. Тэхналагічна, фінансава, арганізацыйна. Але яны будуць вам дапамагаць, рэкамендаваць», — расказаў тады пра сваю мегазадуму Лукашэнка.

Цяпер, як спадзяюцца мясцовыя дубровенскія ўлады, «Сервалюкс» Баскіна будзе інвеставаць у мадэрнізацыю фермаў, куплю тэхнікі і развіццё сельскай гаспадаркі ў раёне. Пры гэтым абяцаюць не скарачаць работнікаў, а наадварот — павялічыць штат і захаваць сацыяльныя гарантыі.

У Дубровенскім раёне даволі вялікі аграрны сектар: 9 гаспадарак, каля 75 тысяч гектараў зямлі і каля 25 тысяч толькі буйной рагатай жывёлы, таму ўкладваць сродкі давядзецца істотна.

Аўтар матэрыялу адзначае, што для бізнэсмена гэта можа быць як зручна (бо раён адпавядае яго бізнэс-інтарэсам), так і складана — бо спатрэбяцца значныя выдаткі, да таго ж будзе дадатковы кантроль з боку ўладаў і адцягванне рэсурсаў ад асноўнага бізнесу. Таму невядома, ці апраўдае сябе такая роля «выратавальніка».

Чытайце таксама:

«Не сволач». Як мультымільянер Баскін нечакана трапіў у санкцыйныя спісы. Дасье

Лукашэнка расказаў, чаму памяняў кіраўніка Віцебскай вобласці

Абноўлена Рада па развіцці прадпрымальніцтва. З яе прапаў Тапузідзіс

Мільянер Баскін пайшоў аспрэчваць санкцыі. Магчыма, у яго атрымаецца

Каментары да артыкула