БЕЛ Ł РУС

Таксіст са Стоўбцаў пачуў, што пенсіянерка едзе на сустрэчу з махлярамі, і патэлефанаваў у міліцыю

8.04.2026 / 10:13

Nashaniva.com

Грошы ўдалося выратаваць.

У мінскую міліцыю паступіла паведамленне ад таксіста, што ён вязе са Стоўбцаў у сталіцу пенсіянерку, якая можа быць ахвярай махляроў. Кіроўца пачуў, што 57‑гадовая пасажырка размаўляе па тэлефоне пра дэклараванне грошай. І па дарозе патэлефанаваў на лінію «102».

Да месца прызначэння выехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Інфармацыя пацвердзілася.

Высветлілася, што ў Мінску пенсіянерка са Столбцоў павінна была перадаць 38 тысяч рублёў пажылай жанчыне-кур’еру. Яна была затрыманая на месцы здарэння.

Аказалася, што 72‑гадовая мінчанка таксама паверыла махлярам і ледзь не прадала па іх указанні кватэру. А калі здзелка не адбылася, аферысты зрабілі жанчыну сваім кур’ерам. Пенсіянерка забрала ў іншых абманутых мінчан грошы ў розных валютах і схавала пад балконам чужога дома.

Адтуль іх забраў наступны кур’ер — 21‑гадовы студэнт з Гомеля.

Усе ўдзельнікі падзей былі ашуканымі па схеме замены дамафона. Грошы агульнай сумай 70 тысяч рублёў канфіскаваны і будуць вернутыя ўласнікам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула