Офіс дэмакратычных сіл адкрыецца ў Іспаніі
Святлана Ціханоўская наведала 7 красавіка Мадрыд.
Святлана Ціханоўская і прэм'ер Іспаніі Педра Санчэс, фота Офіс Святланы Ціханоўскай
Ключавым вынікам візіту стала рашэнне ўладаў Іспаніі дазволіць адкрыццё ў Мадрыдзе офіса дэмакратычных сіл Беларусі. Яго ўзначаліць Таццяна Марыніч, заснавальніца Imaguru і прадстаўніца беларускай дыяспары, піша «Люстэрка».
Святлана Ціханоўская ў межах візіту ў Іспанію сустрэлася з прэм’ер-міністрам Педра Санчэсам, міністрам замежных спраў Хасэ Мануэлем Альбарэсам і спікерам Сената Педра Роланам Ахедай.
Як расказаў «Люстэрку» дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі, гэта быў адзін з самых паспяховых візітаў Святланы Ціханоўскай за апошні час: а ўзровень прыёму ў Іспаніі быў супастаўны з нядаўнім візітам у Італію: сустрэчы прайшлі з першымі асобамі дзяржавы. Дарадца адзначае, што гэта дэманструе — пытанне легітымнасці Ціханоўскай на міжнароднай арэне не стаіць.
— Яе як прызнавалі, так і прызнаюць абраным лідарам Беларусі. На сустрэчах ішла размова і пра тое, што калі Іспанія хоча гаварыць з нашай краінай, яна гаворыць са Святланай Ціханоўскай, якая з’яўляецца прадстаўніцай беларускага народа, — адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Паводле яго слоў, на сустрэчах абмяркоўваліся два асноўныя пытанні: сінхранізацыя еўрапейскага і амерыканскага падыходаў па Беларусі, а таксама практычная дапамога палітвязням.
Іспанія ўжо выдзеліла 50 тыс. еўра ў Міжнародны гуманітарны фонд для дапамогі рэпрэсаваным.
— Мы дамовіліся, што гэтая краіна зробіць другі ўнёсак у гуманітарны фонд. Гэта цяпер вельмі неабходна як тым, хто ўжо выйшаў з турмаў, так і тым, хто, спадзяёмся, неўзабаве вызваліцца, — падкрэсліў дарадца.
Падчас сустрэчы са спікерам Сената Педра Роланам Ахедай была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні мемарандума аб супрацоўніцтве і стварэнні ў іспанскім парламенце групы «За дэмакратычную Беларусь». Паводле Кучынскага, асабліва змястоўнай і канкрэтнай атрымалася менавіта гэтая сустрэча.
Адметна, што частка перамоў у Сенате праходзіла па-беларуску.
— Беларуская мова, напэўна, упершыню прагучала ў Сенате Іспаніі, — падзяліўся Дзяніс Кучынскі.
Ключавым вынікам візіту стала рашэнне ўладаў Іспаніі дазволіць адкрыццё ў Мадрыдзе офіса дэмакратычных сіл Беларусі. Яго ўзначаліць Таццяна Марыніч, заснавальніца Imaguru і прадстаўніца беларускай дыяспары.