18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць
Паміж паўналеццем Рамана Шпака і яго знікненнем у мясным штурме недзе ў палях пад Ліманам прайшоў месяц і два дні. Магчыма, і магілы ў хлопца не будзе. А ўсё дзякуючы парадзе добрага сябра.
18‑гадовы Раман Шпак у расійскім войску
Раман Шпак — самы малады беларус, які загінуў на вайне з Украінай. На момант знікнення без вестак яму было 18 гадоў 1 месяц і 2 дні. Калі хто і пастараецца, то наўрад ці яму ўдасца дабрацца да фронту хутчэй.
Паводле інфармацыі Belpol, Раман нарадзіўся 8 чэрвеня 2007 года ў Ляхавічах. Сям'я простая, бацькі — ляснік і санітарка. У школе хлопец цікавіўся прыродай, хадзіў на аграрны факультатыў, але ўрэшце вырашыў надзець пагоны, таму паступіў у Вайсковую акадэмію.
Раман чакаў свайго паўналецця толькі з адной мэтай — каб без дазволу бацькоў выехаць за мяжу і падпісаць кантракт з расійскай арміяй.
«На канікулах сказаў бацькам, што едзе працаваць у Мінск. Яго пасадзілі на цягнік, а калі праз пару гадзін пазванілі спытаць, як даехаў, той агаломшыў: «Мама, тата, я забраў дакументы з Вайсковай акадэміі, еду ў Расію наймацца ў войска», — расказвае «Нашай Ніве» знаёмы сям'і.
Такія парывы ў хлопца ўжо былі. Будучы курсантам ён часам разважаў, што «можна было б», але ніхто не ўспрымаў гэта сур'ёзна. У тым ліку і сям'я.
«Ён там чытаў розныя рэсурсы, глядзеў відэа, цікавіўся гэтым. Быў у яго сябар таксама, які нават быў больш апантаны і ўсё хацеў паехаць на вайну. Але той у выніку нікуды не паехаў, а Рома — паехаў», — дадае суразмоўца.
Падпісаў кантракт Раман у Маскве. Але яго адразу, міма вучэбкі, адправілі на фронт — гэта тыповая для сённяшняй расійскай арміі сітуацыя. Раман Шпак гэтым вельмі абураўся, лічыў, што яго падманулі. Але для расійскіх афіцэраў гэта ўжо не мела значэння.
Шпак трапіў у в/ч 12271 (25‑я армія, 67‑я дывізія). Пра гэтую часць пісалі, што яна не падбірае з полю бою не толькі трупы сваіх салдат, але нават параненых.
Будучы ў прытомнасці, яны паміраюць ад ран, смагі, холаду і голаду, равучы ў рацыю просьбы аб эвакуацыі, пакуль не сядзе батарэя — ніхто не адказвае.
Менавіта гэтыя абставіны сталі нагодай звароту жанчын-сваякоў салдат в/ч 12271 да Пуціна вясной 2025-га. На зварот Пуцін не адказаў.
Вельмі магчыма, што і Раман Шпак правёў апошнія гадзіны свайго жыцця неяк так. У апошні (а магчыма, што і першы) штурм учорашняга першакурсніка Вайсковай акадэміі адправілі 10 ліпеня 2025 — праз месяц і два дні пасля паўналецця. У гэтым штурме той і згінуў.
«Цяпер усе па ім плачуць», — рэзюмаваў знаёмы сям'і.