БЕЛ Ł РУС

«Папярэднічаў працяглы канфлікт». Следчыя расказалі падрабязнасці пра забойства падлетка ў гомельскім каледжы

8.04.2026 / 21:10

Nashaniva.com

25 сакавіка ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы адбылася трагедыя: паміж двума 17‑гадовымі навучэнцамі ўзнік канфлікт, у выніку якога адзін з іх нанёс другому некалькі ўдараў нажом. Пацярпелага шпіталізавалі, але ўратаваць яго не ўдалося — ён памёр у бальніцы. Падрабязнасці гэтай гісторыі расказалі ва Упраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці.

Гомельскі дарожна-будаўнічы каледж. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Яндэкс-Карты

Следства ўстанавіла, што гэта не быў раптоўны інцыдэнт. Канфлікт паміж хлопцамі цягнуўся доўгі час. Паводле звестак, у адносінах паміж імі назіралася варожасць, магчыма нават элементы цкавання. Аднак, нягледзячы на гэта, сітуацыя не атрымала належнай увагі з боку адказных супрацоўнікаў каледжа.

У дзень трагедыі абодвух навучэнцаў накіравалі ў адну падгрупу для праходжання вытворчай практыкі ў майстэрні вучэбнага палігона. Менавіта там і адбылася сварка, якая перарасла ў гвалт.

Па словах аднаго з навучэнцаў, напярэдадні інцыдэнту ў нападніка ўзніклі дадатковыя праблемы — нібыта нехта пашкодзіў ягоны ровар. Гэта магло стаць каталізатарам, пасля чаго ён прыйшоў у каледж з нажом і выкарыстаў яго падчас канфлікту.

Следчы камітэт падкрэсліў, што ў каледжы не была належным чынам арганізаваная індывідуальная прафілактычная праца з падлеткамі. Настаўнікі і адміністрацыя не прынялі дастатковых мер, каб прадухіліць развіццё небяспечнай сітуацыі, і фактычна праігнаравалі наяўны канфлікт.

У сувязі з гэтым у Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі было накіравана афіцыйнае прадстаўленне. Яно тычыцца неабходнасці ліквідацыі недахопаў у арганізацыі выхаваўчага і навучальнага працэсу.

Пытанне аператыўна разгледзелі на нарадзе ў фармаце відэаканферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва каледжа і педагагічнага складу. На сустрэчы абмеркавалі канкрэтныя меры па паляпшэнні кантролю за паводзінамі навучэнцаў, узмацненні прафілактыкі канфліктаў і адказнасць супрацоўнікаў, якія дапусцілі недапрацоўкі.

Крымінальная справа працягваецца. Падазраванаму выстаўлена абвінавачанне ў забойстве, ён узяты пад варту. Следства працягвае высвятляць усе абставіны і прычыны трагедыі.

Чытайце таксама:

Мужчына спрабаваў задушыць дзяўчыну проста на вуліцы

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом

Забіваць па загадзе ў тэлефоне? Псіхолаг — пра тое, чаму людзі пагаджаюцца выконваць такія дзікія ўказанні

Каментары да артыкула