БЕЛ Ł РУС

У Вільні шукаюць дзяцей у беларускамоўную групу садка

9.04.2026 / 09:54

Nashaniva.com

Каманда Stembridge, якая апынулася ў Літве пасля пераследу ў Беларусі, займаецца арганізацыяй беларускамоўнай групы дзяцей у дзіцячым садку. Групу адкрыюць, калі набярэцца мінімум 15 дзетак. Зараз прымаюць заяўкі на малых ад 2 да 6 гадоў да канца чэрвеня.

Фота: stembridge.lt

«Мы хочам стварыць бяспечную, сучасную і стымулюючую адукацыйную прастору ў Вільні, дзе маленькія беларускія дзеткі змогуць захоўваць сваю ідэнтычнасць і родную мову, адначасова атрымліваючы найлепшую інтэграцыю ў літоўскае грамадства праз білінгвальную мадэль навучання. Мы, беларускія педагогі і каманда Stembridge, а таксама бацькі, якія апынуліся ў Літве, — усе мы аднойчы сутыкнуліся з адным і тым жа пытаннем: як зрабіць так, каб дзіця не страціла сябе ў новым асяроддзі?

Адказ, які мы знайшлі — не хавацца ад рэчаіснасці і не растварацца ў ёй. А ствараць прастору, дзе беларускае і літоўскае існуюць побач натуральна. Размаўляючы па-літоўску, вы не станеце літоўцам — як не станеце брытанцам, размаўляючы па-англійску. Мы падтрымліваем свае карані і ўнікальнасць у шматнацыянальным свеце», — гаворыцца ў звароце.

Stembridge.lt

У садку дзеткі-беларусы будуць асвойваць адразу тры мовы — беларускую, літоўскую і англійскую.

Беларуская — галоўная мова камунікацыі, гульняў, эмоцый і творчасці. Гэта не толькі народныя казкі, але і мова, на якой абмяркоўваюць робататэхніку, глядзяць мультфільмы, слухаюць сучасную музыку і сустракаюцца з цікавымі людзьмі.

Літоўская мова ўводзіцца паступова праз гульні і зносіны з дзеткамі з партнёрскага садка Gervuogė («Ажыны») і інтэграцыі ў культурнае жыццё Вільні.

Англійская мова будзе прысутнічаць у бытавых зносінах. Актыўныя заняткі пачынаюцца ў групе Preschool.

Таксама каманда абяцае актыўную працу з бацькамі — камусьці гэта можа дапамагчы нават з інтэграцыяй у літоўскае грамадства.

Групу адкрыюць, калі набярэцца мінімум 15 дзетак. Цяпер прымаюць заяўкі на малых ад 2 да 6 гадоў. Група можа быць аднаго ўзросту або змешаная — усё залежыць ад заявак. Збор заявак працягнецца да канца чэрвеня.

Усе ліцэнзіі і дазволы на адукацыю ўжо ёсць, усё па законе і з гарантыяй бяспекі і якасці, кажуць у садку. Новы корпус на Грунвальдскай (Žalgirio g.), 135 зроблены спецыяльна для дзетак: святло нармальнае, вентыляцыя працуе, усё эрганамічна, матэрыялы бяспечныя.

***

Калі вы жывяце ў Літве, то можаце падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.

Вы проста перанакіруеце 1,2% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.

Вось падрабязная інструкцыя, я гэта зрабіць, калі вы працуеце ў Літве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула