Новая польская камедыя «Падляшша» выклікала крытыку беларусаў Падляшша
У сваім водгуку на фільм у польскім выданні Krytyka polityczna Паўліна і Войцех Сегені ўзнімаюць шырэйшую праблему свядомага «сцірання слядоў» беларускасці і праваслаўя на Падляшшы.
Сцэна з фільма. Фота: filmweb.pl
Фільм «Падляшша» («Podlasie», рэж. Лукаш Касьміцкі Łukasz Kośmicki) выйшаў на платформе Netflix перад каталіцкім Вялікаднем, 1 красавіка. Стваральнікамі ён падаецца як «цёплая камедыя» пра сямейныя каштоўнасці. Аднак прагляд гэтай стужкі выклікаў зусім іншыя думкі ў Паўліны і Вайцеха Сегеняў (Войцех — радны гміны Дубічы Царкоўныя, Паўліна — журналістка і пісьменніца). Сваімі думкамі яны падзяліліся на старонках выдання «Krytyka Polityczna»
Рэжысёр стварыў твор, які эксплуатуе даўні польскі топас «райскага месца» (locus amoenus) — міфічнага краю гармоніі і шчасця, пішуць Сегені.
«Глядач знаёміцца з дружнай супольнасцю, штодзённае жыццё якой арганізавана вакол працы і касцёла. Рухавіком сюжэта становіцца раптоўнае варожае ўмяшанне навакольнага свету, які пачынае пагражаць героям (галоўная гераіня набрала мікрапазык, каб купіць біткойны, і не можа тыя пазыкі павяртаць). Героі праяўляюць салідарнасць і, дзейнічаючы сярод прыгожай прыроды і культурнага ландшафту Падляшша, пераадольваюць жыццёвыя цяжкасці, аднаўляючы лакальны статус-кво», — коратка пераказваюць аўтары змест фільма і заўважаюць:
«Плоскі як мазавецкая раўніна сюжэт фільма і нясвежыя жарты прыводзяць да таго, што стужка застаецца да болю банальнай гісторыяй пра абарыгенаў, якія размаўляюць з дзіўным акцэнтам і выкарыстоўваюць архаічныя словы. Нягледзячы на намаганні сцэнарыстаў, пад убогімі кадрамі наіўнага свету выяўляецца яго супрацьлегласць — locus horridus — свет хаосу, страху, смерці.
Гаворка нават не пра тое, што каларытнасць мясцовай супольнасці ўвасабляюць два другарадныя героі-алкаголікі, якія няўмела хаваюць сваю залежнасць ад жонак. Відаць, такой была ідэя сцэнарыстаў — абыграць стэрэатып, што на ўсходзе ўсе гоняць самагонку і бухаюць. Сюжэт вырываецца з-пад кантролю аўтараў і пачынае жыць уласным жыццём — а яно дзіка зверскае».
Фота: filmpolski.pl
Асабліва востра аўтары крытыкуюць выдуманае тлумачэнне гісторыі руін касцёла Святога Антонія ў Ялоўцы (гміна Міхалова), размешчанай за кіламетр ад мяжы з Беларуссю. У фільме знішчэнне святыні тлумачыцца выпадкам: ксёндз нібыта ненаўмысна спаліў храм, калі гнаў самагон. Сегені нагадваюць, што гэтыя руіны — сведкі сапраўднай трагедыі:
«Гэтыя руіны — сведчанне сапраўднай бяды, якая разыгралася ў гэтым мястэчку. Касцёл спалілі падчас вайны ды так і не адбудавалі. Спалілі там тады і сінагогу. Сапраўдны жах, які вісіць над рэальным Падляшшам, — гэта гісторыя пагромаў, Халакосту, падчас якога згінулі габрэі, і пасляваенных этнічных чыстак, якія адбываліся ў ідылічных дэкарацыях вёсак, паказаных у фільме.
І менавіта ў тыя моманты, калі аб’екты з фону кадра пачынаюць гаварыць уласным голасам, у фільме адбываецца замена міфічнага свету шчасця на рэальны свет смерці».
А дзе беларусы? А няма беларусаў
У свам водгуку на фільм Паўліна і Войцех Сегені ўзнімаюць шырэйшую праблему свядомага «сцірання слядоў» беларусаў і праваслаўя на Падляшшы.
На іх думку, гэтую стужку варта супаставіць з эсэ-кнігай беларускі з Падляшша Анэты Прымякі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сціраная гісторыя Падляшша». У сваёй працы пісьменніца вакол справы аб забойстве свайго дзядулі ў 1945 годзе выбудавала эпічны рэпартаж пра польска-беларускае памежжа і пра тое, што прынята называць «доляй меншасці».
«Вока, знаёмае з мясцовым ландшафтам, заўважае кадр з каталіцкім ксяндзом, які прамаўляе да вернікаў пасярод вёскі, але робіць гэта побач з крыжамі з характэрнай для праваслаўя касой папярэчынай і надпісамі на кірыліцы. Заўважае традыцыйны вышываны ручнік у куце вясковай хаты, але кадр выстаўлены так, каб не было відаць абраза, які гэты ручнік упрыгожвае.
Фота: filmpolski.pl
Падляшскае вока выхоплівае кадры з праваслаўнай капліцай у Пятрашках, знятай так, каб дрэвы засланялі праваслаўны купал. Бачыць брук і хаты ў вёсках, якія ў рэальнасці нават не шматкультурныя, а проста праваслаўныя, дзе каталікі (калі не лічыць прыезджых) — рэдкасць. Бо ж рэгіён на паўднёвы ўсход ад Беластока, між Бельскам і Гайнаўкай, — гэта самае сэрца праваслаўнага Падляшша», — пішуць аўтары.
Крытыка закранае і моўнае пытанне. Аўтары пішуць у сувязі з гэтым пра «трыумф сімулякру над рэальнасцю». Усё гучыць так, нібыта адзіным моўным кансультантам аўтараў фільма быў беластоцкі блогер Калёрак — «самы вядомы інстаграм-прамоўтар фіктыўнай «падляшскай мовы», які з самавысмейвання і невуцтва (што агулам можна назваць маркетынгавай стратэгіяй, заснаванай на самаарыенталізацыі) зрабіў рэгіянальны прадукт».
«І бессэнсоўна тлумачыць Калёрку ды сцэнарыстам, што людзі ў вёсках, выкарыстаных у фільме, размаўляюць між сабой на падляшскім варыянце беларускай мовы. А калі часам гавораць па-польску, то выкарыстоўваюць формы тыпу «ja mówił», калі граматыка застаецца беларускай», — даводзяць Сегені.
Яшчэ адзін паказальны момант, на які звяртаюць увагу аўтары, — нетыповыя для Падляшша прозвішчы персанажаў — Мадэй ці Воляк. Тут такіх прозвішчаў няма.
«Гэта не выпадковасць, — пішуць Сегені. — Мэтай не было паказаць гэтую частку Падляшша такой, якая яна ёсць. Мэтай было захапіць яе, здзейсніць культурны рэйдарскі захоп, выкарыстаць прывабны культурны ландшафт, уяўны locus amoenus і ўпісаць яго ў знаёмыя рамкі польскага ўяўлення.
Але калі на гэтай карціне няма тутэйшых, то што з імі? Дзе яны падзеліся? Чаму ў іх хатах жывуць чужыя людзі? Што тут адбылося? Гэтыя пытанні справядліва выклікаюць мароз па скуры, а вычарпальныя адказы на іх можна знайсці ў кнігах Анэты Прымакі-Онішк», — пішуць Сегені.
Фота: filmpolski.pl
«Палякі любяць усходнюю нотку, але не любяць людзей, якія яе стварылі»
Як падкрэсліваюць аўтары, культурны ландшафт, у якім адбываецца дзеянне «Падляшша», быў створаны зусім не Мадэямі і Волякамі. «Яго стварылі людзі рускага (у сэнсе Русі — Беларусі і Украіны, а не Расіі) паходжання, аўтахтонныя жыхары гэтых тэрыторый, якія ў эпоху паспявання нацыянальнай і палітычнай свядомасці ідэнтыфікавалі сябе як беларусы.
У польскім культурным уяўленні, як відаць на прыкладзе фільма, для іх няма месца, — пішуць Паўліна і Войцех Сегені. — Падляшскія беларусы маглі б усклікнуць, як чорныя амерыканцы, калі тыя гавораць пра блюз: польская большасць любіць усходнюю нотку, але не любіць людзей, якія яе стварылі».
Аўтары з горыччу канстатуюць, што працэс сцірання свядомасці суправаджаецца практыкай самасцірання, калі мясцовыя жыхары выбіраюць бяспечную, але невыразную «тутэйшасць». Сегені горка заўважаюць: якія б патрыётамі Польшчы ні выстаўлялі сябе праваслаўныя жыхары рэгіёна, «з сямейнага польскага фота гэтых праваслаўных кузэнаў усё роўна выражуць».
«Там няма месца для Іванюкоў, Дзмітрукоў і Парфянюкоў. На калектыўным партрэце, нават калі фонам служыць драўляная падляшская хата, а касцюмамі — кашулі з беларускім народным арнаментам, месца хопіць толькі для Мадэяў, Волякаў і ксяндза-дабрадзея».
Аўтары называюць фільм «Падляшша» арыенталісцкай халтурай.
«Гэта рэгіён, які вабіць экзотыкай вясковых хат, але адначасова смяшыць сваёй адсталасцю. Пацешнае і лагоднае Падляшша, населенае постацямі высакародных дзікуноў, стала зручнай дэкарацыяй для праекцыі крэсовай міфалогіі», — даводзяць Сегені і заклікаюць мясцовых жыхароў задумацца.
Фота: filmpolski.pl
«Ці не спрыяе гэтаму мастацтва мімікрыі, пастаянная недагаворанасць, заблытанасць у дыскусіях пра ідэнтычнасць, якія ўсё часцей вядуць да рэгрэсу — адыходу ад нацыянальнай самасвядомасці з яе палітычнымі вынікамі да перадмадэрных ідэнтыфікацый, дзе застаецца «мы тутэйшыя» і «наша мова»?
Гэтае няўменне ці, можа, негатоўнасць гаварыць пра саміх сябе ў катэгорыях нацыі ці хаця б этнічнай групы не дазваляе выбудаваць пазіцыю ўпэўненых гаспадароў, якія маглі б без комплексаў гаварыць пра сябе і свой кавалак зямлі
са сваімі польскімі (і каталіцкімі) суграмадзянамі. Замест таго, каб весці іх на балоты», — падагульняюць Сегені.