У Беластоку пройдзе прэзентацыя даследавання пра кірылічныя выданні ВКЛ
17 красавіка ў Беластоку пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу даследавання «Кірылічныя выданні выдавецтваў з Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII ст.» з удзелам яго аўтаркі Зоі Пераслаўцаў-Ярашэвіч.
Хто аўтар?
Зоя Пераслаўцаў-Ярашэвіч — польскі гісторык, спецыялізуецца на гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Шмат гадоў займала пасаду дырэктара Інстытута гісторыі і міжнародных адносін Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне. Кніга, чый беларускі пераклад будзе презентаваны, пабачыла свет у выдавецтве гэтага ўніверсітэта
Пра што гэтая кніга?
Гэта самае грунтоўнае на гэты момант навуковае даследаванне, прысвечанае кнігам на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах, выдадзеным на нашых землях да іх інкарпарацыі у склад Расійскай Імперыі.
У кнізе раскрываецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага з нечаканага боку. У масавай свядомасці функцыянуюць уяўленні толькі пра некалькіх выбітных беларускіх кнігадрукароў часоў ВКЛ — як правіла, Францыска Скарыны і Сымона Буднага. У даследаванні раскрываецца ўся паўната кнігавыдавецкай дзейнасці ў ВКЛ — з нябыту вяртаюцца дзясяткі кнігадрукароў, разглядаецца прадукцыя дзясяткаў выдавецтваў, чыя дзейнасць мела бясспрэчны культурны эфект. За тры стагоддзі беларускія друкарні ў ВКЛ выдалі каля 380 выданняў, чый сукупны аб’ём склаў больш за 22,55 тысячы аркушаў.
З кнігі можна даведацца:
- колькі ў ВКЛ дзейнічала друкарняў, якія выпускалі кнігі на старабеларускай мове, а таксама ў якіх гарадах і мястэчках яны былі;
- якія былі тыражы і рэпертуар гэтых выданняў;
- якія друкарні дзейнічалі найдаўжэй;
- якія друкарні вялі рэй з пункту гледжання аб’ёмаў кніжнай прадукцыі. Якая была колькасць у цэлым;
- што можна сказаць пра змест выдадзеных кніг, іх жанры і функцыянальныя тыпы;
- чым адметны быў графічны бок друкаў, фарматы выданняў, іх дызайн (прыёмы нумарацыі старонак, стылі шрыфту і тэхніка набору, выкарыстанне заставак і канцовак, ініцыялаў, рамак на маргінэсах, тытульных аркушаў, ілюстрацый).
Дата правядзення прэзентацыі: 17 красавіка 2026 года (пятніца), 18:00—20:00 (CET).
Беларускі хаб «Новая Зямля» (Białystok, ul. św. Rocha 5/32).
Прэзэнтацыя праводзіцца пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага саюза 'EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
Чытайце таксама:
У Навагрудку на гарышчы знайшлі фрагмент яўрэйскага пергамента XVIII стагоддзя
Па-беларуску выйдзе адна з самых вядомых кніг пра будызм
Новая польская камедыя «Падляшша» выклікала крытыку беларусаў Падляшша