БЕЛ Ł РУС

Літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 30 нелегалаў, якія вылазілі з падкопу на мяжы

10.04.2026 / 08:09

Nashaniva.com

Літоўскія памежнікі ў панядзелак угледзелі незвычайнае відовішча на мяжы з Беларуссю.

На мяжы з Беларуссю супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы затрымалі вялікую групу нелегальных мігрантаў. Сярод іх быў і арганізатар незаконнага перасячэння мяжы.

Таксама былі затрыманыя трое замежнікаў, якія павінны былі перавезці нелегалаў у Польшчу. Пазней былі затрыманыя і іншыя падазраваныя, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

6 красавіка ў другой палове дня сістэма відэаназірання ў Віленскім раёне зафіксавала незвычайны выпадак парушэння мяжы. Каля вёскі Баравікіне (з беларускага боку — закрыты пераход Катлоўка) з пракапанага пад зямлёй тунэля цягам некалькіх хвілін мяжу нелегальна перасекла група з 30 чалавек.

Памежнікі паведамілі пра інцыдэнт калегам, якія знаходзіліся паблізу. У аперацыі ўдзельнічала вялікая колькасць супрацоўнікаў, службовыя сабакі, быў падняты верталёт і выкарыстаны дроны, таксама прыцягнулі паліцыю.

У ноч на аўторак і ўдзень аўторка супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы затрымалі ў Віленскім раёне большую частку нелегалаў, якія разбіліся на невялікія групы. Былі затрыманыя трое замежнікаў, якія павінны былі перавезці іх у Польшчу.

Высветлілася, што аўтамабілем Toyota Proace кіраваў 35‑гадовы грамадзянін Украіны, які прызнаўся, што прыехаў па нелегалаў. Таксама былі затрыманыя яшчэ двое мужчын — 41‑гадовы кіроўца Opel Corsa (грамадзянін Грузіі) і 24‑гадовы грамадзянін Украіны за рулём VW Passat. Усе трое маюць дазвол на жыхарства ў Польшчы. Паміж сабой яны не знаёмыя. Высветлілася, што іх дзеянні каардынавалі арганізатары аперацыі, якія давалі ўказанні, маршруты і іншую інфармацыю.

8 красавіка раніцай паліцыя затрымала ў Вільні 37‑гадовага грамадзяніна Літвы, які на аўтамабілі VW Tiguan перавозіў шасцярых нелегалаў (грамадзян Афганістана). Да вечара серады былі затрыманыя 27 з 30 нелегалаў, якія перасеклі мяжу праз падкоп.

24 з іх вярнулі ў Беларусь, яшчэ двое з-за праблем са здароўем былі дастаўлены ў бальніцу.

У Літву нелегальна трапілі грамадзяне Афганістана, Ірака і Пакістана. Толькі частка з іх прад’явіла дакументы, якія сведчаць асобу.

Па факце незаконнага перасячэння мяжы распачата расследаванне. 8 красавіка пасля абеду былі затрыманыя 44‑гадовы грамадзянін Азербайджана і 28‑гадовы грамадзянін Літвы, якія падазраюцца не толькі ў арганізацыі незаконнага пераходу мяжы, але і ў іншых падобных злачынствах. Затрыманыя знаходзяцца пад вартай. Пошукі яшчэ траіх нелегалаў працягваюцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула