Беларус паехаў ваяваць за Расію, падарваўся на міне і здаўся ў палон. Украінскі баец нёс яго на спіне 10 км
«Я ведаю, што гэта мая памылка. Таму што даўб**б, прычым поўны», — каментуе Юрый Малашчыцкі сваё знаходжанне ў расійскім войску.
Юрый Малашчыцкі. Скрыншот відэа 47‑й АМБр «Магура»
Юрый Малашчыцкі з Беларусі, які ваяваў на баку Расіі, трапіў у палон да ўкраінцаў пасля таго, як падарваўся на міне.
У відэа ўкраінскай 47‑й асобнай механізаванай брыгады «Магура» ён расказвае, як добраахвотна трапіў на фронт. Спачатку ў расійскім Уладзіміры тры дні праходзіў камісію, пасля яго адправілі ў Пяскі на навучанне на 20 дзён. Там вучыўся на сапёра, пасля на аператара БПЛА.
На фронце Юрый доўга не пабыў.
«Я разумеў, што справа паганая. Вырашыў здацца ў палон. Я быў без зброі, без бронекамізэлькі, толькі заплечнік з прадуктамі харчавання і барсетка — там былі чыстыя шкарпэткі і трусы», — расказвае Юрый, як вырашыў уцячы.
Ён ішоў праз лес, каб дроны не заўважылі яго. А ўначы выйшаў на дарогу і падарваўся на міне. Малашчыцкі перабінтаваў сябе і стаў паўзці, клікаць на дапамогу. Адгукнуліся двое ўкраінцаў, спыталі, з якога ён падраздзялення. Малашчыцкі сказаў, што хоча здацца. Яму перабінтавалі рану на назе і наклалі турнікет.
А пасля ўкраінцы неслі яго 10 км на спіне праз міннае поле.
Украінскі баец Люць нясе Малашчыцкага. Фота 47‑й АМБр «Магура»
«Ён колькі разоў казаў «Кідайце мяне», а мы: «Не, мы цябе даставім». Я яго дацягнуў толькі для таго, каб абмяняць яго на нашых хлопцаў. Адно жыццё я выратаваў», — кажа ўкраінскі баец з пазыўным Люць з 47‑й АМБр «Магура».
«Я ведаю, што гэта мая памылка. Таму што даўб**б, прычым поўны», — каментуе Малашчыцкі сваё знаходжанне ў расійскім войску.