«Мяне дзяржава рыхтуе, каб я умер на благо родины»
На АНТ прагучалі словы, над якімі варта задумацца.
Ілюстрацыйнае фота: курсант Акадэміі міліцыі, фота прэсавай службы МУС
Чалавека ў пагонах дзяржава рыхтуе для таго, каб у выпадку неабходнасці ён памёр на карысць Радзімы. Такія словы прагучалі ў праграме прапагандыста Ігара Тура.
Не падумайце, я не перабольшваю. Так даслоўна і прагучала: «умер на благо родины».
І трэба ж як супала. Амаль у той жа дзень, калі Тур гэта сказаў, амерыканцы выцягнулі з іранскіх гор двух пілотаў збітага самалёта. Ім дзеля гэтага давялося знішчыць як мінімум два транспартныя самалёты, на якіх закідваліся спецназ і абсталяванне для пошуку збітых лётчыкаў. Падарвалі і само абсталяванне, каб не трапіла ў рукі ворага — тое, што нельга было вывезці. Патрацілі і сотню ракет, каб засцерагчы перыметр; страцілі два верталёты. Пішуць, што агульны кошт выдаткаваных на ратавальную аперацыю сродкаў мог скласці за 300 мільёнаў долараў. Дзеля двух пілотаў.
І гэта не пра багацце краіны. Гэта пра філасофію сістэмы.
А ў нас: «Дзяржава рыхтуе, каб я памёр на карысць радзімы».
У выніку тыя, хто абараняе гэтую сістэму, урэшце плацяць страшную цану, даражэй за ўсіх (слабае, праўда, то суцяшэнне для іх ахвяр). Праз лютасць, нялюдскасць — аж да бессэнсоўнасці — гэтай сістэмы. Так было пры Сталіне, так было нядаўна падчас кавіду, якога «не было», але ад якога ў Беларусі ў зямлю пайшлі 90 тысяч чалавек. Хто не верыў Дзеду — той аберагаўся. А хто верыў… І так цяпер у Расіі, дзе на імперыялістычнай вайне паклалі ўжо 300 тысяч і яшчэ 300 тысяч зрабілі калекамі. А ўсё дзеля чаго?
Ілюстрацыйнае фота БелТА: дзіця ў форме спецназаўца МУС