Яна баіцца толькі аднаго — што не хопіць часу. Старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле — 90 гадоў
«Беларускі народ дзесяцігоддзямі змяняўся разам з абставінамі, часам даводзілася адступаць ад каштоўнасцяў, каб выжыць. Але нешта заставалася нязменным», — кажа яна. І дзеліцца сакрэтам, як зрабіць, каб «пачуццё беларускасці» не пакідала цябе ніколі.
Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе, узначальвае Раду БНР з 1997 года
11 красавіка 90 гадоў спаўняецца Івонцы Сурвіле — чалавеку, для якога Беларусь даўно стала часткай уласнай біяграфіі, характару і, як яна сама кажа, «апынулася ў генах».
У свае дзевяноста, гаворыць, адчувае сябе «на дзіва добра». Хоць прызнаецца — часам хутка стамляецца. І ўсё ж галоўны клопат не здароўе, а час.
«Вельмі шмат хацелася б зрабіць… ці хопіць на ўсё часу», — кажа яна.
Яна не называе ніякіх сакрэтаў даўгалецця. Толькі цікаўнасць.
І жаданне яшчэ паспець: дачытаць кнігі, якія ляжаць побач, вярнуцца да мастацтва, можа, напісаць эсэ пра жыццё эмігранта.
Івонка Сурвіла выехала з Беларусі ў восем гадоў. Дарога з Баранавіч у Данію праз вайну і невядомасць заняла дзесяць месяцаў. Успаміны пра гэты час, кажа яна, паўплывалі на ўсё жыццё.
Не менш за вайну на яе жыццё паўплывалі бацькі.
У лагеры для ўцекачоў у Даніі бацька штодня даваў ёй і брату лекцыі беларускай мовы і гісторыі. Дыктаваў па кнізе, якую маці здолела забраць з сабой з Баранавіч. Маленькая Івонка захаплялася гісторыяй і прасіла намаляваць сына Рагнеды з мячом у руках.
Так фармавалася тое, што Івонка Сурвіла называе «пачуццём беларускасці», якое яе не пакідала ніколі. Пра ролю бацькоў яна кажа проста: менавіта ад іх залежыць, ці вырасце дзіця з гэтым пачуццём.
«Мы заўсёды ведалі, што наша Бацькаўшчына — Беларусь», — кажа Івонка Сурвіла.
Гэтае адчуванне яна пранесла праз усе краіны і дзесяцігоддзі. І праз сям’ю таксама. Кажа, што мела шчасце выйсці замуж за аднадумца, і іх дом заўсёды заставаўся беларускім.
Сёння яе ўласнае жыццё амаль немагчыма аддзяліць ад ролі, якую яна выконвае ўжо шмат гадоў — старшыні Рады БНР. Для яе гэта працяг асабістага абяцання. Яна згадвае словы свайго мужа, сказаныя перад смерцю: «Беражыце БНР — гэта найбольшы скарб беларускага народу».
«Я працягваю жыць перакананнем, што берагу гэты скарб. Не ўяўляю прыватнага жыцця без Беларусі», — прызнаецца Івонка Сурвіла.
Пра беларусаў яна кажа без ідэалізацыі, але з відавочнай цеплынёй. На яе думку, беларускі народ дзесяцігоддзямі змяняўся разам з абставінамі, часам даводзілася адступаць ад каштоўнасцяў, каб выжыць. Але нешта заставалася нязменным.
«Найважнейшае ў большасці беларусаў усё ж застаюцца вера і надзея. Менавіта яны дазволілі беларусам адрадзіцца ў 1918 годзе і аднавіць дзяржаву ў 1991-м», — кажа Івонка Сурвіла.
Але ёсць і тое, чаго бракуе — салідарнасці. «Неяк не асвоілі мы, як народ, канцэпту нацыянальнай еднасці», — кажа яна. І гэта, па яе словах, адчуваецца нават у эміграцыі.
І ўсё ж яна гаворыць пра беларусаў з удзячнасцю: сумленныя, таленавітыя, шчодрыя. Народ, які даў свету паэтаў, мастакоў, пісьменнікаў і сам часам забывае гэтым ганарыцца. Яна ўдзячная сваім бацькам за тое, што навучылі любіць «кожнага беларуса».
Калі гаворка заходзіць пра будучыню, Сурвіла глядзіць на яе без ілюзій, але і без цынізму. Яна ўпэўненая: культура дапамагла беларусам выжыць, але без палітыкі не будзе краіны, пра якую яны мараць.
«Трэба, каб пра нас чулі і пра нас ведалі», — і ў гэтым яна бачыць неабходнасць прысутнасці Беларусі ў свеце.