«Можа, і мільён зрабіла за ўсё жыццё». 87‑гадовая майстрыха паўстагоддзя катае свечкі
У маленькай драўлянай хаце Марыі Брайцавай паўсюль накрыўкі з ручной вышыўкай, а ў чырвоным куце з іконамі цепліцца васковая свечка.
Усе ручнікі, навалачкі і ручнікі ў сваім доме ў вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна 87‑гадовая Марыя Брайцава вышыла сама. Свечкі — таксама яе рук справа. Вось ужо паўстагоддзя яна катае іх з пчалінага воску і верыць, што з такімі свечкамі малітвы цяплей і бліжэй да Бога.
Сваёй царквы ў Бабічах няма, таму на Вялікдзень у вёску прыязджае бацюшка асвяціць булкі і яйкі. У Вялікую суботу і ўсю ноч перад святам Марыя Брайцава моліцца за аднавяскоўцаў і «ўсіх нас грэшных і недастойных».
Times.by пабываў у хаце напярэдадні Вялікадня і пагаварыў з майстрыхай.
Шлях да веры: ад малітвы мамы да вялікага храма
Марыя нарадзілася ў Бабічах у беднай сям'і. Бацька-ляснік пакінуў маладую жонку з трыма малалетнімі дзецьмі і пайшоў да іншай.
«А прычына ў горкай праўдзе — гуляшчы ў мяне быў бацька, таму я да мужчын усё жыццё насцярожаная, нiколi не хадзiла замуж», — прызнаецца пажылая жанчына.
Найстарэйшай у сям'і была Марыя, яна і стала галоўнай памочніцай маці. Пасля трох класаў кінула школу і пайшла працаваць у калгас — палола буракі, прыбірала кукурузу, пасвіла кароў. А па вечарах зачаравана глядзела, як мама моліцца каля абраза пад беласнежным ручніком.
«А яшчэ я дужа любiла слухаць яе казкі пра Божаньку. Таму i прыйшла да Царквы», — успамінае бабічанка.
Гэта адбылося ў Мазыры, дзе Марыя працавала на швейнай фабрыцы. Горад ўразіў яе дзівоснымі храмамі — яе любімым стаў сабор Святога Архангела Міхаіла. У гарадской кватэры ў Марыі таксама заўсёды быў чырвоны кут з любімымі абразамі Багародзіцы — Троеручыцы і Неапалімай Купіны.
«Першая пазбаўляе ад хвароб рук i ног. Ад смутку таксама. А другая засцерагае дом ад агню і няшчасцяў. І тое праўда, — з веданнем справы кажа Марыя. — Памятаю, як у 60‑я ў Бабічах загарэўся дом. Усе забегалі, хто ваду падае, хто палівае. А адна жанчына з iконай Неапалімай Купіны абыйшла вакол некалькі разоў — і большую частку дома ўдалося выратаваць. Вось як бывае».
Як у Бабічах святкуюць Вялікдзень без храма
У нулявых Марыя Максімаўна зноў вярнулася ў родныя Бабічы. Сваёй царквы тут няма, самая блізкая знаходзіцца ў Залессі, а гэта 7 кіламетраў. На вялікія святы да бабічан прыязджае настаяцель храма.
З яго дазволу Марыя ўзяла на сябе асаблівую місію: ўсю ноч перад Вялікаднем моліцца за аднавяскоўцаў і «ўсіх нас грэшных і нявартых» у хаце на суседняй вуліцы, дзе вось ужо паўстагоддзя захоўваецца ікона «Знаменне». Ніякіх залатых акладаў на ёй няма, спіс зроблены на змацаваных дошках бабіцкімі ўмельцамі амаль 140 гадоў таму.
«Рарытэт ого які, мы яго называем свечкай, — дзеліцца важнымі падрабязнасцямі Марыя Брайцава. — Сюды я прыходжу 20 гадоў як у царкву, так што Гасподняя воля спускаецца i на Бабiчы».
Раней святыню перадавалі на захоўванне з хаты ў хату ад Вялікадня да Вялікадня. Гэта быў цэлы рытуал у прысутнасці ўсіх вяскоўцаў. Апошнія 50 гадоў пра традыцыю толькі ўспамінаюць.
У гэтым годзе святочная служба каля іконы-свечкі пройдзе сціпла, ціха, але, як кажуць старажылы Бабічаў, з вялікай любоўю да Бога. Марыя Максімаўна назубок і ва ўсіх падрабязнасцях ведае ход праваслаўнага богаслужэння.
«Не турбуйцеся, буду старацца за ўсіх», — усміхаецца бабуля.
Катае свечкі сваімі рукамі і не прадае іх, хоць просяць
На службу перад Вялікаднем Марыя Брайцава прынясе свае свечкі. Вось ужо паўстагоддзя яна робіць іх уручную з воску, які купляе ў мясцовых пчаляроў.
Кнот майстрыха скручвае з льняных нітак — дастаткова трох-чатырох. Кажа, імпартныя ніткі не падыдуць, «не чысты агонь даюць». Растоплівае воск невялікімі порцыямі і далонькамі скатвае па дошцы. Па яе словах, займацца свечкамі можна толькі па буднях.
Колькі Марыя Максімаўна накатала свечак за сваё жыццё — не злічыць.
«Можа, i мiльён, — прыжмурваецца яна з хітраватай усмешкай. — Я свечкі не прадаю, хоць мяне ўвесь час просяць. Вось хай людзі глядзяць і паўтараюць за мной».
На думку Марыі Максімаўны, попыт на васковыя свечкі вялікі таму, што яны асаблівыя.
«Васковыя свечкі Богу больш падабаюцца. Гэта я дакладна ведаю. Ды і як можа быць па-іншаму, калі воск плавіцца, а парафін — выпараецца. Мядова-пяшчотны водар толькі ад воску. Малітва з імі цяплей і бліжэй да Бога», — разважае майстрыха.
Самаробныя свечкі бабічанка ставіць дома каля абразоў. Гараць яны доўга. У гэтыя хвіліны яна не толькі чытае спецыяльныя малітвы, але і кажа ад сябе. «Галоўнае, каб думкі і жаданні былі шчырымі і чыстымі», — спяшаецца сказаць самае галоўнае гераіня.