Шматдзетную маці запісалі ў дармаеды і налічылі ёй 700 рублёў
Рахункі нечакана пачалі расці з кастрычніка 2025-га.
Жанчына з трыма дзецьмі жыве ў арэндным жыллі ў сельскай мясцовасці ў Гомельскай вобласці. Як яна расказала «Моцным навінам», звычайна за трохпакаёвую кватэру выходзіла каля 300 рублёў (разам з арэндай). Але рахункі раптам пачалі расці — з кастрычніка 2025-га. Жанчына думала, што гэта звычайнае падаражанне, але на ўсялякі выпадак удакладніла ў разліковым цэнтры, ці не ідзе ёй «дармаедская» камуналка. Там запэўнілі, што ўсё добра.
Цярпенне лопнула ў лютым, калі прыйшла жыроўка на 700 рублёў. Дзяўчына паехала разбірацца ў райвыканкам. Аднак там яе чакала нечаканая заява — супрацоўнікі запэўнівалі, што яна не лічыцца «занятай у эканоміцы».
«Пераканаць іх, што шматдзетная маці па змаўчанні з'яўляецца занятай, аказалася немагчыма. Казалі, што такімі з'яўляюцца толькі маці дзяцей-інвалідаў або тых, каму няма 7 гадоў. У выніку знялі копію пасведчання аб нараджэнні малодшага дзіцяці і паабяцалі пераразлік у наступным месяцы. Але тую жыроўку на 700 рублёў прымусілі аплаціць цалкам: «Інакш будзе пеня», — расказвае шматдзетная мама.
У сакавіку пераразлік сапраўды зрабілі, але радасць аказалася нядоўгай. У красавіку ў жыроўцы зноў красаваліся велізарныя лічбы па поўным тарыфе.
Жанчыне прыйшлося браць дзяцей і зноў ехаць у выканкам. На гэты раз на месцы была начальніца аддзела. Яна без лішніх пытанняў узяла пасведчанне шматдзетнай сям'і, і толькі тады праблему ўдалося вырашыць канчаткова.
Самае цікавае высветлілася, калі кіраўніца пачала разбірацца, чаму падначаленыя не выправілі ўсё раней. У базе даных раптам выявіўся нейкі «працоўны дагавор» на імя жанчыны, якога «ніколі не было».
«Я пастаянна знаходжуся дома з дзецьмі, двое старэйшых часта хварэюць, у сына прыроджаны парок сэрца. Я нідзе не працую, мы не стаім ні на якіх уліках і не атрымліваем лішніх дапамог», — дзівіцца жанчына.
Цяпер ужо яе камуналка прыходзіць у норму.