Трамп абрынуўся з крытыкай на Папу
У доўгім допісе, апублікаваным у ноч на 13 красавіка, Трамп абвінаваціў Папу ў некалькіх пунктах.
Дональд Трамп. Фота: Alex Brandon / AP
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка раскрытыкаваў Папу Рымскага Льва XIV у сваёй сацсетцы Truth Social, назваўшы яго «слабым у пытаннях злачыннасці» і «жахлівым у замежнай палітыцы».
У доўгім допісе, апублікаваным у ноч на 13 красавіка, Трамп абвінаваціў Папу ў некалькіх пунктах:
Слабасць адносна злачыннасці — Трамп заявіў, што Папа «не згадвае страху», які адчувала Каталіцкая царква падчас COVID-19, калі «арыштоўвалі святароў, пастараў і ўсіх іншых» за правядзенне набажэнстваў, нават на адлегласці 3—6 метраў.
Ядзерная праграма Ірана — «Я не хачу Папу, які лічыць, што Іран можа мець ядзерную зброю», — напісаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША асудзіў пазіцыю Папы адносна атакі ЗША на Венесуэлу, назваўшы гэтую краіну «крыніцай масавых паставак наркотыкаў» і «пустых турмаў».
Трамп пахваліў брата Папы Льва — Луіса, адзначыўшы: «Ён мне падабаецца значна больш, бо Луіс — сапраўдны MAGA».
Леў XIV (ураджэнец ЗША) быў абраны Папам у маі 2025 года пасля смерці Францішка.
Трамп таксама сцвярджае, што Леў XIV не быў у спісе кандыдатаў на пасаду пантыфіка, а яго абранне — «шакуючы сюрпрыз». Паводле слоў прэзідэнта, царква абрала амерыканца, каб «найлепшым чынам спраўляцца з прэзідэнтам Дональдам Трампам».
Трамп завяршыў допіс павучэннем Папу: «Карыстайцеся здаровым розумам, перастаньце дагаджаць радыкальным левым і засяродзьцеся на тым, каб быць вялікім Папам, а не палітыкам».