Белы дом абмяркоўвае аднаўленне ўдараў па Іране пасля зрыву мірных перамоў
Гэта адзін з варыянтаў, якія ў Белым доме разглядалі ў нядзелю, праз некалькі гадзін пасля правалу перамоў у Пакістане.
Дональд Трамп, віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіа і кіраўнік Пентагона Піт Хегсэт. Фота: Alex Wong / Getty Images
Адміністрацыя Трампа разглядае магчымасць аднаўлення абмежаваных удараў па Іране ў дадатак да блакады ЗША Армузскага праліва як спосаб выхаду з тупіку на мірных перамовах, піша WSJ са спасылкай на крыніцы.
Паводле слоў амерыканскіх чыноўнікаў, гэта адзін з варыянтаў, якія ў Белым доме разглядалі ў нядзелю, праз некалькі гадзін пасля правалу перамоў у Пакістане.
ЗША таксама могуць аднавіць поўнамаштабную кампанію бамбардзіровак, хоць чыноўнікі адзначалі, што гэта менш верагодна, улічваючы перспектыву далейшай дэстабілізацыі рэгіёна і, як піша WSJ, нежаданне Трампа ўдзельнічаць у зацяжных ваенных канфліктах.
Сярод іншых ідэй адміністрацыі Трампа — спроба ўсталяваць больш кароткатэрміновую блакаду Армузскага праліва, адначасова аказваючы ціск на саюзнікаў, каб яны ў будучыні ўзялі на сябе адказнасць за місію па суправаджэнні суднаў праз праліў.