76‑гадовы слонімскі пенсіянер затрыманы за крадзяжы з дач і могілак. Узялі яго выпадкова
76‑гадовы жыхар Слоніма стаў фігурантам крымінальнай справы пасля серыі начных набегаў на дачныя дамы і гарадскія могілкі. Яму пагражае да 4 гадоў калоніі.
Пенсіянер выбіраў дачы, дзе ніхто не жыў, і з дапамогай пасаціжаў ускрываў замкі. Аднак падчас аднаго з крадзяжоў ён забыўся на месцы злачынства пакет са сваёй прыладай.
Экспертыза пакінутых пасаціжаў дазволіла міліцыі вызначыць асобу падазраванага.
Падчас ператрусу ў кватэры і аўтамабілі мужчыны знайшлі не толькі рэчы з дач, але і шэсць дэкаратыўных гранітных ваз, а таксама штучныя кветкі.
Як патлумачыў пенсіянер, ён прыйшоў на могілкі перад святамі і без асаблівых высілкаў падняў вазу ад адной з магіл, затым правяраў іншыя надмагіллі. Так і назбіралася.
Сваю здабычу ён планаваў прадаць, ацаніўшы кожную вазу ў 150—170 рублёў.
За серыйныя крадзяжы ў дачыненні да пажылога мужчыны распачата крымінальная справа (крадзеж, учынены паўторна). Цяпер 76‑гадоваму пенсіянеру пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.