БЕЛ Ł РУС

Пратэстант з-пад Пінска — Crazy Startuper: калі мара цяжэйшая за чалавека, які яе нясе

20.04.2026 / 21:18

Сяргей Гезгала

Міхаіл Сярэдзіч, выхадзец з Палесся, якога жыццё закінула ў ЗША, у кнізе, якую прадае на Amazon, апісаў не толькі свой лёс, але і «дылерскую сістэму» стартап-індустрыі.

Міхаіл Сярэдзіч. Фота з яго фэйсбука

З Міхаілам Сярэдзічам я ўпершыню перасекся яшчэ ў 2010-х, калі ён быў прадпрымальнікам у Мінску. Родам ён з-пад Пінска, з пратэстанцкага асяроддзя, з роду, які стаў вернікам яшчэ 115 гадоў таму.

Кніга, якую ён напісаў і выдаў ужо ў ЗША, прасочвае яго шлях ад першых бізнэс-спроб на рынку ў 90-я, праз аўтааварыю да бізнэсу ў Маскве. А там: туалет замест кухні, брудныя матрацы ў падвале, крах. Пасля бізнэс на кандыцыянерах у Мінску, заснаваны ў 2010-м.

І разуменне: усё гэта не тое, сэрца хоча спалучэння «Бог, Беларусь, бізнэс», а яго ў тых першых справах не было.

Пасля будзе MBA Варшаўскага ўніверсітэта, першы стартап Rexpax, пратэсты 2020 года, эміграцыя ў Варшаву і неабходнасць адбудоўваць жыццё з нуля. Потым — віза ў Амерыку і новы стартап Givgive — платформа лакальнай шэрынг-эканомікі. І нават неймаверныя павароты жыцця: 150 тысяч даляраў, выпадкова пералічаных на яго рахунак.

Ёсць цэлы жанр кніг пра стартапы. Звычайна яны пабудаваны па адной схеме: заснавальнік расказвае, як прыдумаў ідэю, знайшоў інвестараў, перажыў крызіс, а потым — перамога, мільёны, выхад на IPO. Кніга Міхаіла Сярэдзіча «Crazy Startuper» — не з гэтага шэрагу. Тут пакуль няма хэпі-энду, няма аднарога. Няма нават упэўненасці, што стартап выжыве. 

У кнізе ёсць душэўныя часткі — тыя, дзе Сярэдзіч перастае быць «фаўндарам» і становіцца проста чалавекам. Успаміны пра тое, як уся сям'я збірала гуркі, мыла радыску, перад тым як ехаць прадаваць на базар — пра гэтую салодкую радасць супольнай працы. Раздзел пра смерць бацькі ў Пінску, калі сын знаходзіўся за тысячу кіламетраў у маскоўскім падвале, — гэта шчырая, нефільтраваная проза, якая важная і без стартап-кантэксту. Неадпраўлены ліст да бацькі — адзін з эмацыйных фрагментаў кнігі. Пра тое, як ён цяпер па нядзелях пячэ блінцы сынам Яну і Стэфану, якіх дзед ужо не пабачыць, — як тата пёк яму.

Згадкі пра дзеда: «Часам я думаю, што ён працуе на сонечных батарэях. Яму 86, а яго не спыніць. Ездзіць на трактары, вырошчвае насенне і служыць пастарам у вясковай цэркаўцы. Кожны раз, калі мы гаворым, ён сканчвае тым самым: вазьмі пару гектараў, пасадзі дурніцы».

Раздзелы пра пратэсты 2020 года — цікавыя старонкі ў наш нацыянальны летапіс. Сям'я Сярэдзічаў (ён не сваяк легендарнага рэдактара «Народнай волі», проста пінскае прозвішча) шые сцягі, нясе стометровае бел-чырвона-белае палотнішча праз сталіцу Палесся, і ты разумееш: гэта ўчынак, з тых, ад якіх унутры трымціць.

Кніга, у адрозненне ад большасці стартап-мемуараў, мае і палітычную вагу.

Міхаіл Сярэдзіч у Пінску, 16 жніўня 2020 года. Фота з яго фэйсбука

Эміграцыйная частка таксама павучальная. Здымная кватэра ў Варшаве, грошай няма, краіны пад нагамі таксама няма, каманды няма — і толькі лагатып на экране ды пытанне: працягваць ці спыніцца? Гэта знаёмая гісторыя для дзясяткаў тысяч беларусаў у эміграцыі, але і для любога, хто калі-небудзь пачынаў з нуля ў чужым краі.

Асобна трэба адзначыць раздзел «What If You Lost?» («Што калі вы прайгралі?»), дзе Сярэдзіч апісвае тое, пра што беларусы звычайна маўчаць: «дылерскую сістэму» стартап-індустрыі — кансультанты, акселератары і «анёлы», якія зарабляюць на марах заснавальнікаў, а не на іх поспехах. Гэты фрагмент чытаецца як міні-расследаванне і перагукваецца з крытыкай стартап-культуры, якую ў апошнія гады ўсё часцей можна сустрэць у заходніх медыя.

2022 год — перад патрэбай пачынаць жыццё спачатку. Фота з фэйсбука Міхаіла Сярэдзіча

Сярэдзіч піша фрагментарным стылем — кароткія радкі, шмат прабелаў, амаль кожны сказ — асобны абзац. Яшчэ і шрыфт выбраны амаль рукапісны. Гэта стварае пэўны рытм, але часам і стамляе. Часам здаецца, што чытаеш не мемуары, а доўгі матывацыйны пост у Instagram. 

Аўтар шчыра прызнае свае жыццёвыя і бізнэсовыя памылкі — будаваў прадукт без валідацыі, не чытаў «The Lean Startup», ігнараваў карыстальніцкія інтэрв'ю. Але ў кнізе няма спробы адказаць: чаму тыя ж памылкі паўтараюцца ад Rexpax да Givgive? Ці ёсць тут заканамернасць? Чытач, які любіць халодны аналіз правалаў, будзе расчараваны.

Тым не менш, на 418 старонках незвычайна аформленага выдання, па-за яго мастацкай каштоўнасцю, ёсць і практычная. Кніга на ясных прыкладах паказвае, з чаго пачыналіся тыповыя сучасныя бізнэс-поспехі. Дае ўзоры таго, на чым можна зарабляць, апісвае практычныя складанасці. І таксама ж на прыкладах паказвае: з верай у сваю справу магчыма многае. Аўтар ізноў і зноў вяртаецца да базавага: веры і напаміну, што «ты не адзін». Толькі трэба захоўваць сяброўства і ў крытычныя моманты не баяцца стукацца да сяброў — не толькі па дапамогу, але і па інвестыцыі.

Michael Seredich. Crazy Startuper: You Are Not Alone: A Founder in Exile — 418 с., ISBN 978-8397902503

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула