Былы кіраўнік ЦРУ заклікаў адхіліць Трампа ад пасады прэзідэнта
Былы дырэктар ЦРУ Джон Брэнан выступіў за адхіленне Дональда Трампа ад улады паводле 25‑й папраўкі да Канстытуцыі ЗША.
Фота: Chip Somodevilla/Getty Images
Падставай сталі заявы Трампа на фоне вайны супраць Ірана — у прыватнасці, яго словы пра магчымую «ліквідацыю іранскай цывілізацыі», піша Bild.
Брэнан заявіў, што прэзідэнт, на яго думку, не здольны выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, і назваў яго паводзіны небяспечнымі.
«Гэты чалавек відавочна псіхічна хворы. 25‑я папраўка была напісана для Трампа», — заявіў Брэнан.
Гаворка ідзе не пра імпічмент, а пра іншы механізм: віцэ-прэзідэнт і большасць членаў кабінета павінны пісьмова заявіць, што прэзідэнт недзеяздольны.
Пасля гэтага паўнамоцтвы пераходзяць да віцэ-прэзідэнта. Калі сам прэзідэнт пярэчыць, канчатковае рашэнне павінен прыняць Кангрэс, дзе для гэтага патрэбны дзве трэці галасоў.
На практыцы такі сцэнар цяпер выглядае немагчымым. У Трампа захоўваецца падтрымка ўнутры адміністрацыі і сярод рэспубліканцаў у Кангрэсе, а сам ён ужо перажыў дзве спробы імпічменту падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну.