Трамп пасля крытыкі выдаліў выяву, на якой ён прыпадобнены да Ісуса Хрыста
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выдаліў са сваёй сацыяльнай сеткі Truth Social публікацыю з выявай, згенераванай штучным інтэлектам, на якой ён быў паказаны ў вобразе, падобным да Ісуса Хрыста, піша The Guardian.
На малюнку Трамп нібыта здзяйсняў цуд: з яго рук ішло святло, якім ён «лячыў» чалавека ў бальнічным ложку, а на заднім фоне быў паказаны дэманічны вобраз. Гэтая публікацыя выклікала моцную рэакцыю ў часткі яго кансерватыўных і хрысціянскіх прыхільнікаў, якія палічылі яе абразлівай і недапушчальнай.
Некаторыя вядомыя кансерватыўныя каментатары і медыйныя асобы публічна раскрытыкавалі пост, назваўшы яго «блюзнерствам» і «непрымальным». Яны патрабавалі ягонага неадкладнага выдалення і нават прасілі Трампа папрасіць прабачэння перад людзьмі і Богам.
Паводле паведамлення, вобраз, які выкарыстаў Трамп, быў не арыгінальным: раней падобная AI-ілюстрацыя ўжо з’яўлялася ў інтэрнэце, але была мадыфікаваная перад публікацыяй у акаўнце прэзідэнта ЗША.
Гэта сітуацыя ўзнікла на фоне абвастрэння адносін паміж Трампам і Папам Львом XIV, які раней крытыкаваў ідэю «ўсёмагутнасці» ў палітыцы ЗША і выказваўся пра ваенныя канфлікты. Трамп у адказ рэзка выказваўся пра Папу, называючы яго «слабым» і абвінавачваючы ў палітычнай ангажаванасці.
Скандал выбухнуў неўзабаве пасля Вялікадня, што дадаткова ўзмацніла рэакцыю вернікаў. У сацыяльных сетках частка карыстальнікаў выказвала моцнае абурэнне і абмяркоўвала этычнасць такіх вобразаў і іх уплыў на грамадства.
Чытайце таксама:
Пасля допісу з крытыкай Папы Трамп апублікаваў сваю выяву ў вобразе Месіі
Трамп абрынуўся з крытыкай на Папу
Вы не чулі пра яго, а ён вызначае кірункі новай, часта нечаканай замежнай палітыкі ЗША