БЕЛ Ł РУС

Мінчук забраў у падманутых махлярамі людзей 70 тысяч даляраў

15.04.2026 / 09:52

Nashaniva.com

Аператыўнікі крымінальнага вышуку затрымалі 32‑гадовага жыхара сталіцы, які дапамагаў тэлефонным ашуканцам выводзіць грошы за мяжу, паведамляе мінская міліцыя.

Мужчына па заданні куратара забіраў буйныя сумы і праз пасрэдніка пераводзіў іх у крыптавалюту. Супрацоўнікам міліцыі мінчанін паведаміў, што нібыта не ведаў пра злачынны характар сваіх дзеянняў. Ён знайшоў неафіцыйную падпрацоўку ў інтэрнэце і думаў, што аказвае паслугі па куплі лічбавай валюты для людзей, якія самі не ўмеюць гэтага рабіць.

Паводле папярэдняй інфармацыі, за некалькі дзён мужчына выканаў не менш за дзевяць заданняў. Жыхары Мінска і раёна ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў былі падмануты тэлефоннымі ашуканцамі па схеме «водаканала» і страцілі больш за 85 тыс. даляраў у розных валютах. Гэтыя грошы яны пакідалі ў тайніках-закладках — напрыклад, у смеццевым баку або за гаражамі ў прамысловай зоне.

Адной з ахвяр ашуканцаў стаў вучань восьмага класа. Ён па патрабаванні ілжэправаахоўнікаў забраў з дому бацькоўскія грошы і паехаў у Сеніцу, дзе атрымаў больш за 10 тысяч даляраў ад іншага падманутага аднагодка, пасля чаго паклаў іх у пакет у ўмоўленым месцы і два дні нічога не расказваў бацькам.

Мужчыну затрымалі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула