На месцы масавага расстрэлу ў Катыні адкрылі выставу «Дзесяць стагоддзяў польскай русафобіі»
Выстава з’явілася ў Смаленскай вобласці на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Катынь», дзе пахаваныя 4415 ваеннапалонных афіцэраў польскай арміі, расстраляных вясной 1940 года супрацоўнікамі НКУС, піша выданне «Осторожно, новости».
Таксама на тэрыторыі Катынскага лесу пахавана каля 6,5 тысячы ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Выставу «Дзесяць стагоддзяў польскай русафобіі» арганізавала Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства (РВГА).
«Выстава прысвечана гісторыі польскай русафобіі, гэта значыць нянавісці эліты польскай дзяржавы ў розныя перыяды гісторыі да Расіі і рускага народа, і таму, як гэтая нянавісць праяўлялася ў канкрэтных дзеяннях. А менавіта — у захопе расійскай тэрыторыі, у знішчэнні рускага, беларускага і маларосійскага народаў», — заявіў навуковы дырэктар Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Міхаіл Мягкоў.
У РВГА заявілі, што сёння польскія ўлады вядуць агрэсіўную антырасійскую палітыку, зносяць помнікі савецкім воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пастаўляюць зброю і боепрыпасы УСУ.
Пры гэтым, паводле іх слоў, вытокі сучаснага неанацызму ў Польшчы сыходзяць сваімі каранямі глыбока ў гісторыю.