БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Надсан першы раз прыехаў у Беларусь пасля сарака гадоў эміграцыі. Мінская моладзь нечакана знайшла ў ім тое, чаго не бачыла ў сваіх бацьках

16.04.2026 / 21:39

Nashaniva.com

Пра беларуса з Holden Road піша Сяргей Дубавец.

Аляксандр Надсан. Фота budzma.org

У Аляксандру Надсане мяне дзівіла многае. Дакладней, гледзячы на яго, я многаму зьдзіўляўся ў самім сабе, і многае адкрываў у сябе. Напрыклад, тое, што ён быў аднагодкам майго бацькі, з 1926 году.

З пачатку 1980‑х я ўжо быў знаёмы зь віленскімі беларусамі, з Зоськай Верас і найперш з правадніком да яе «Лясной хаткі», Лявонам Луцкевічам, у якога ў Вільні на вуліцы Архітэкту мы спыняліся і зь якім я меў актыўнае ліставаньне. Але гэта ўсё было яшчэ ў межах Савецкага Саюзу. 

А тут здарыўся сакавік 1990-га, калі ў Менск меўся прыехаць чалавек з Захаду, сьвятар Аляксандар Надсан з дапамогаю пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. І тады, яшчэ незнаёмы зь ім, я спрабаваў параўноўваць яго са сваім уласным бацькам, даволі важным чыноўнікам савецкай сыстэмы. У міністэрстве ўнутраных спраў бацька быў палкоўнікам і ўзначальваў аддзел палітыка-выхаваўчае працы.

Мне было відавочна, што ў савецкай Беларусі ў нас проста не было шанцаў на далейшае існаваньне… Фармальна яны абодва — і бацька, і Надсан — франтавікі мінулай вайны, прычым з умоўнага аднаго боку, бо ваявалі на лініі пераможцаў. І цяжка было сказаць, што б іх магло аб’ядноўваць.

Акурат тады сьветапоглядна я ўжо вызначыўся са сваім бокам — зь беларускай, а значыць несавецкай Беларусьсю, тады як мой бацька, савецкі беларус да беларускай Беларусі ня меў ніякага дачыненьня, хутчэй ён быў супраць яе. Ён цураўся беларускай мовы, гістарычнае праўды пра тыя ж сталінскія рэпрэсіі і такі быў ягоны выбар, зроблены якраз у савецкім войску. 

Ягоная вясковая маці была чыстай беларускай, і я ніколі б не назваў яе савецкай беларускай, што ўжо аддзяляла яе ад сына, цалкам сабе савецкага кар’ерыста і камуніста. То бок бацька быццам выпадаў з традыцыі пакаленьняў, хоць лічыў, што выпадаю я.

Словам, калі мая жонка Таня Сапач абвясьціла, што зь Лёндану прыехаў Аляксандар Надсан і яна будзе рабіць зь ім інтэрвію ў сваёй перадачы на радыё «Альбаросіка», я зразумеў, што тое інтэрвію абавязкова пойдзе ў чарговы нумар газэты «Свабода», выданьне якой я толькі пачаў з тэматычнага нумару, які называўся «Дзень Волі», бо выйшаў ён у сакавіку 1990 году, акурат на 25 сакавіка, як быццам да прыезду нашага лёнданскага несавецкага беларуса.

«Дзень Волі» друкаваўся ў Латвіі і прадаваўся ў Менску на вакзальнай плошчы проста з грузавіка. Памятаю, наклад быў 45 тысяч. Уладзімер Арлоў напісаў у той нумар эсэ «Незалежнасьць — гэта…», а Сяргей Харэўскі намаляваў плякат «Нежалезная Беларусь», які ўжо сам тлумачыў, што такое незалежнасьць — гэта калі бяз мілітарызму, бяз танкаў, бяз помнікаў Леніну… Былі там і тэксты 3‑х Устаўных грамат, і знаёмства зь першымі асобамі БНР.

І ўжо ў першым, наступным нумары «Свабоды» пра важнасьць гэтай падзеі казаў сам тэкст: «Уначы 10 сакавіка цягнік Гук-ван-Голянд — Масква пераехаў раку Буг. Ля вакна вагону стаяў чалавек, які пільна ўглядаўся ў вонкавую цемру. Што ён адчуваў у такую хвіліну? Цяжка сказаць. Толькі вусны ягоныя ціха шапталі словы «Пагоні» Багдановіча… Тым пасажырам быў аўтар гэтых радкоў, які першы раз ехаў на Бацькаўшчыну пасьля больш як сарака гадоў…

Прыезд на Бацькаўшчыну пасьля так доўгага часу быў спаўненьнем маёй запаветнай мары, і я ехаў туды зь вялікім душэўным хваляваньнем. Аднак галоўная мэта маёй паездкі была не асабістая. Яе можна назваць адным словам: Чарнобыль».

Надсан кажа, што, здавалася, за гэтыя гады пасьля аварыі страсьці быццам бы ўціхлі дый сама бяда не такая страшная, але гэта было ня так. Асабліва яго кранулі лейкозныя хворыя дзеці, проста пра іх патрэбы ніхто не гаворыць. Але маштаб патрэбаў сапраўды быў ўражвальны. 

Надсан распавёў пра тое, як адслужыў службу ў Курапатах, як прадстаўляе Скарынаўскую бібліятэку ў Лёндане, якая адкрытая для ўсіх, хто цікавіцца беларускімі справамі, згадвае і наезды на яго прапагандыстаў, якія ўпікаюць эмігрантаў мінулай вайной. 

Ён піша: «Весткі аб маёй асобе знайсьці няцяжка, але варта было б ужо пісаць усё. Я належу да пакаленьня тых, што расьлі ў часы вялікага ваеннага закалоту, сярод падзей, значэньня якіх мы часта не маглі зразумець. Думаю, што ўжо пара напісаць гісторыю гэтага пакаленьня, а таксама тых людзей, якія не далі нам загінуць духоўна, стараючыся ўзгадаваць і захаваць у нас пачуцьцё людзкой і нацыянальнай годнасьці. 

Для мяне такімі людзьмі былі выкладчыкі беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы, дзе я вучыўся ад восені 1942 да канца траўня 1944, і якая мне дала ня толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыцьцё. Трэба спадзявацца, што Саюз беларускай моладзі, да якога я належаў з многімі маімі аднагодкамі, таксама дачакаецца свайго аб’ектыўнага гісторыка. Спробы зрабіць нас сілком нямецкімі жаўнерамі ня мелі вялікага посьпеху. Ужо на трэці дзень пасьля прыезду ў Францыю большасьць нас апынулася ў францускім лесе».

Аляксандр Надсан, 1950-я. Фота з архіва А.Надсана

Для чаго я далучыў гэтыя радкі біяграфіі? Для таго, што мяне ніхто не рабіў перакананым беларусам на ўсё жыцьцё. Мяне рабілі савецкім чалавекам, але ўжо пры маім жыцьці савецкі чалавек ператварыўся ў нішто, як савецкі пашпарт, шанаваць які вучыў мяне мой бацька, савецкі чалавек…

Самае важнае, што тая ўлада, а цяперашняя асабліва, лічыла крамолай узгадаваньне ў чалавеку беларуса.

Але тады, у чарнобыльскія часы, у паветры адчувалася, што нешта мусіць адбыцца з намі і нашай гісторыяй пасьля савецкага часу. Беларусь мусіла стаць сабою — з усёй сваёй тысячагадовай гісторыяй, мовай, культурай… Інакш кажучы, нам з Надсанам было пра што пагаварыць.

Чарнобыль ня быў для нас, беларусаў, сваім, каб пра гэта думаць. «Не свая праблема». Сваё тады ў нас толькі пачыналася. Прыватызаваная кватэра, машына… Мы толькі зьдзіўляліся гэтаму, бо ў нас ніколі не было нічога свайго. Нават нас саміх. Мы належалі сыстэме, а не самім сабе. Як з гэтым разабрацца? Алег Аблажэй пісаў: «Я — гэта слова, адмытае ад мы», Сяргей Астраўцоў адкрываў першы нумар «Нашай Нівы» апавяданьнем «Мытыя яблыкі» (у сэнсе «Мы — тыя…»). Так ці інакш, гэта была канстатацыя ці пратэст — супраць разуменьня сябе часткаю сыстэмы, якая насамрэч была Чарнобылем. Хтосьці быў больш асьцярожны, хтосьці згараў у ёй, спаяны зь ёй на вякі. Але ўсе яшчэ былі разам і няўцямна пазіралі на захварэлых лысых дзяцей. У вёсцы на такое ніхто ня жаліўся, проста не было такіх хваробаў. Таму паміралі проста і няўцямна. І эфэмэрнасьць гэтая падкрэсьлівалася эфэмэрнасьцю радыяцыі, якую проста не было як ні ўбачыць, ні памацаць, ні зразумець. 

* * *

Здаецца, гэта быў 1998 год, у Лёндане адзначалі круглую дату БНР, мяне запрасіў Аляксандар Надсан, і мы зь Вінцуком Вячоркам апынуліся на сходзе «сваіх людзей». Сход быў надзвычай прадстаўнічы, спрэс несавецкія беларусы і небеларусы, дзе можна было пабачыць увесь «наш сьвет». Мы завялі сябрыну зь Лявонам Шыманцом — Сіманекам на францускі лад, а мяне называлі Дубавек і мы яшчэ схілялі мастака Навумовіча, каб пад назвай Навумавэк далучыўся да гэтага дурэньня.

Надсану, між іншым, падабаліся такія штукі, ён быў яўна ў сяброўстве з гумарам. Мяне зьдзіўляла студэнцкая атмасфэра ў Лёндане. Свабода, гэтыя шэрагі кубкаў на сьцяне, і неверагодныя немясаедзкія кухонныя фантазіі…

А наступны візыт быў прыватны. Мы прыехалі з жонкай на Тройцу ў 2005 годзе. Я папрасіў, каб айцец ахрысьціў мяне і абвянчаў нас. Вера Рыч, перакладчыца, апекавалася намі, падарыла нам шыкоўны Троіцкі крыж, былі хросныя Ірына Дубянецкая і Ігар Лабацэвіч. У выніку, дапрацаваны ўжо ў Вільні, выйшаў зборнік Танінай паэзіі па-ангельску.

Я расказваў айцу пра нашы паездкі ў самую Чарнобыльскую, закрытую зону, куды ўдалося раздабыць дазвол. І я распавядаў пра вёску, ад якой ужо мала што засталося… Мы былі там другі раз і ўсё выглядала як бязлад і хаос: праваленыя дахі, аблеглыя сьцены, на вясковай кухні гаспадарыла — грымела начыньнем — чарапаха… І вось на наступны раз мы ўжо не пабачылі вёскі, але пабачылі роўны малады чысты лес, быццам гатовы для эцюдаў. То бок чыстая гармонія нарадзілася з хаосу і бязладзьдзя. І выснова: з парадку гармонія не нараджаецца.

Мне здаецца, што яму былі цікавыя мае гісторыі. Часам ён нават адкаркоўваў бутэльку італьянскай грапы, і размова магла доўжыцца за поўнач.

Мне думаецца, што мы маліліся адным багам, і першай зь іх — Ларысе Геніюш. Я бачыў, што Надсан жыве паводле яе жыцьцёвага годла:

Адзінай мэты не зракуся, 
І сэрца мне не задрыжыць
Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А безь яе зусім ня жыць.

Прынамсі ніхто так дакладна гэтае годла ня выказаў. Надсан з пашанай захоўваў катаржанскую кашулю Геніюш з ГУЛАГу. 

Мне бачыцца глыбокая сувязь такіх людзей як Геніюш і Надсан. «Калі цяжка, але небезнадзейна» — напісала яна мне на сваёй кніжцы. Што яна мела на ўвазе? Надсан абавязкова патлумачыў бы з гумарам. Ён заўсёды ўжываў гумар.

Мы калі-небудзь успомнім беларускую эміграцыю вайны. Тую, што стала працягам нашаніўства, БНР і беларусізацыі 1920-х. І яны гэта пранесьлі да нашых дзён. І ў заўтра.

* * *

Тэкст быў напісаны для Надсанаўскіх чытанняў, якія адбыліся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце 14—15 красавіка 2026 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула