БЕЛ Ł РУС

Хто з міністраў у кадравай каруселі Лукашэнкі можа не хвалявацца

16.04.2026 / 14:25

Nashaniva.com

У той час як кіраўнікі эканамічных ведамстваў змяняюцца ледзь не кожны год, асноўны касцяк сілавога блоку застаецца нязменным ужо больш за пяць гадоў.

9 красавіка Лукашэнка правёў новыя прызначэнні чыноўнікаў. Віцэ-прэм’ерам, адказным ва ўрадзе за будаўніцтва, стаў Аляксандар Церахаў, міністрам культуры — Марат Маркаў (раней быў міністрам інфармацыі). Новым міністрам інфармацыі стаў Дзмітры Жук, да гэтага ён узначальваў выдавецкі дом «Беларусь сегодня», то бок выпускаў асноўную дзяржаўную газэту.

У Беларусі некаторых профільных чыноўнікаў мяняюць ледзь не кожны год, а іншыя захоўваюць свае пасады даўжэй, чым адзін прэзыдэнцкі тэрмін — 5 гадоў. «Свабода» паглядзела, хто з цяперашніх міністраў і кіраўнікоў уплывовых дзяржаўных установаў — асноўныя «доўгажыхары» на сваёй пасадзе.

Нязьменны сілавы блёк і міністар спорту

Былы вайсковец і супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Сяргей Кавальчук займае сваю пасаду найдаўжэй з усіх дзейных міністраў — больш за 8 гадоў. Яго прызначылі яшчэ ў сакавіку 2018-га, калі Беларусь без усялякіх праблем магла выступаць на міжнародных спаборніцтвах па ўсім свеце. Уводзілі санкцыі, беларускія спартоўцы ўсё радзей маглі ездзіць выступаць у заходнія краіны, а былы сілавік Кавальчук заставаўся міністрам. Ягонае імя ўнесенае ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны.

Усе іншыя кіраўнікі міністэрстваў і ўплывовых ведамстваў, якія захоўваюць свае пасады 5 гадоў і болей, — гэта сілавы блёк.

Віктара Хрэніна Лукашэнка прызначыў міністрам абароны ў студзені 2020 году, на пасадзе ён 6 гадоў і 3 месяцы.

Вайскоўцаў пры міністры Хрэніне актыўна залучалі ў задушэнне пратэстаў у 2020 годзе. Яны ахоўвалі аб’екты падчас масавых пратэстаў і ўдзельнічалі ў «зачыстках». Напрыклад, 11 жніўня 2020 году ад агнястрэльнага ранення загінуў Генадзь Шутаў. Пасьля яго пасмяротна асудзілі, а пацярпелымі ў справе праходзілі вайскоўцы сілаў спэцыяльных апэрацыяў прапаршчык Галіцын і капітан Гаўрылаў. Са словаў сябра Шутава, Аляксандра Кардзюкова, якраз гэтыя вайскоўцы стралялі ў іх, у выніку чаго загінуў Генадзь. Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калёніі, ён дагэтуль за кратамі.

Старшыня КДБ Іван Церцель захоўвае сваю пасаду 5 гадоў і 7 месяцаў, яго прызначылі кіраваць у верасні 2020 году. Да прызначэння Церцель займаў розныя кіроўныя пасады ў КДБ, а таксама непрацяглы час узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Іван Кубракоў узначальвае МУС з канца кастрычніка 2020 году, займае пасаду 5 гадоў і 5 месяцаў. Кубракова прызначылі на замену Юрыю Караеву, які пабыў міністрам 1 год і 4 месяцы. Чаму Лукашэнка замяніў Караева проста падчас пратэстаў, дагэтуль не зусім зразумела. Але ў выніку менавіта Івана Кубракова называюць архітэктарам сыстэмы задушэння пратэстаў у Менску. Да прызначэння міністрам ён кіраваў сталічнымі сілавікамі.

Уладам мяняць яго цяпер нявыгадна, мяркуе прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.

«Ён кіраваў задушэннем пратэстаў у Менску з кастрычніка 2020 году. Да таго кіравалі іншыя людзі, аднак іх эфэктыўнасць улады ацэньвалі як нізкую. Калі прызначылі Кубракова, многае з таго, што ён дагэтуль рэалізоўваў у Менску, пачало ажыццяўляцца ў іншых месцах. Ён падключаў такі жывёльны энтузіязм, спрабаваў прымяняць нейкую крэатыўнасць у такіх умовах, і, вядома ж, гэта задавальняла Лукашэнку», — гаворыць Жыгар.

Яшчэ адзін «доўгажыхар» на адказнай пасадзе — дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Яго прызначылі ў студзені 2021 году, гэтую пасаду былы першы намеснік міністра абароны займае 5 гадоў і 2 месяцы.

Таксама больш за 5 гадоў свае пасады займаюць старшыня Следчага камітэту Дзмітры Гара (5 гадоў і 1 месяц) і кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Вадзім Сіняўскі (5 гадоў і 1 месяц).

Пасьля 2020 году памяняліся 5 міністраў сельскай гаспадаркі і 5 міністраў прамысловасці, 4 міністры інфармацыі, 3 міністры культуры і 3 кіраўнікі МЗС.

Чаму кіраўніцтва сілавога блёку так доўга не мяняюць

Прадстаўнікі сілавога блёку так доўга захоўваюць свае пасады, бо ў 2020 годзе яны дапамаглі Лукашэнку захаваць уладу і ён на іх трымаецца, кажа намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былы міністар культуры Павал Латушка.

«Гэта падмурак Лукашэнкі, які ўратаваў яго ад страты ўлады ў 2020 годзе. Сілавікі гарантуюць яму далейшую адносную бяспеку на ўзурпаванай пасадзе. Ён не рызыкуе ісці тут на зьмены ўжо працяглы час, бо гэта дэстабілізуе сытуацыю ў сілавым блёку. Але пасля падзеяў 2020 году ён накіраваў у адстаўку старшыню КДБ Валера Вакульчыка, зняў дзяржаўнага сакратара Андрэя Раўкова, які выказаў думку аб немэтазгоднасці ўжывання сілы да пратэстоўцаў, у 2021 годзе зняў старшыню Следчага камітэту Івана Наскевіча, бо той прапаноўваў распачаць справы супраць сілавікоў — удзельнікаў рэпрэсіяў. Адправіў у адстаўку кіраўніка МУС Юрыя Караева, бо ён быў вельмі таксычны. Але ім знайшлі іншыя пасады — у цывільных структурах, даўшы права на другое жыццё ў гэтых структурах», — прыгадвае Павал Латушка.

Паводле прадстаўніка BelPol Уладзімера Жыгара, з гледзішча ўладаў сілавы блёк добра працуе, бо нікога не даводзіцца пераўпэўніваць спыніць рэпрэсіі.

«Да той часткі працы, якая даручаная і Кубракову, і Церцелю, у Лукашэнкі мінімум пытанняў. Ніхто не прыходзіць з прапановай адпусціць гайкі, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. Рэжым ня хоча бударажыць гэтую сыстэму новымі прызначэннямі. Новы чалавек будзе нешта рабіць па-іншаму, могуць быць кадравыя зьмены — сыстэме гэта ня трэба. Іншых міністраў мяняюць, бо там нізкая эфэктыўнасць. А тут з гледзішча сыстэмы задача выконваецца, арганізоўваецца бяспека рэжыму. Аднак гэта калі казаць пра палітычныя справы і палітычны аспэкт, не пра злачыннасць агулам. Бо там якраз сытуацыя пагаршаецца ў шэрагу кірункаў», — зазначае Жыгар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула