БЕЛ Ł РУС

На Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме знайшлі дзясяткі відаў жывых істот

17.04.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Да нядаўняга часу лічылася, што велізарная колькасць пластыку ў адкрытым акіяне — гэта мёртвая зона і экалагічная катастрофа. Аднак апошнія даследаванні выявілі сенсацыйны факт: Вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма стала домам для дзясяткаў прыбярэжных відаў, стварыўшы ўнікальную экасістэму там, дзе жыццё раней лічылася немагчымым. З падрабязнасцямі знаёміць Earth.com.

Вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма. Фота: theoceancleanup.com

Традыцыйна акіянолагі падзялялі марскую прастору на два адносна ізаляваныя светы: прыбярэжныя воды і адкрыты акіян. Лічылася, што жыхары ўзбярэжжаў непарыўна звязаныя з скаламі, пірсамі і іншымі цвёрдымі паверхнямі берагавой лініі, а выпадковыя «падарожжы» на бярвёнах ці водарасцях падчас шторму заканчваюцца для іх гібеллю з-за неспрыяльных умоў у адкрытым акіяне (пелагічнай зоне).

Першым сур’ёзным сігналам таго, што ў рэчаіснасці ўсё не так адназначна, для навукоўцаў стала даследаванне абломкаў, вынесеных у адкрытае мора катастрафічным цунамі ў Японіі ў 2011 годзе. На працягу некалькіх гадоў гэтыя аб’екты дасягалі берагоў Паўночнай Амерыкі і Гаваяў і, на здзіўленне даследчыкаў, былі пакрытыя марскімі відамі, якія характэрны для ўзбярэжжа. Высветлілася, што многія з іх здолелі застацца жывымі ў акіяне на працягу шасці гадоў.

Гэта прымусіла навукоўцаў задацца пытаннем: ці з'яўляюцца прыбярэжныя арганізмы проста часовымі падарожнікамі ў адкрытым акіяне, ці яны пачалі фармаваць там больш пастаянныя супольнасці?

Жыццё ў Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме

Каб даследаваць гэтае пытанне, была арганізавана экспедыцыя ў раён Вялікай ціхаакіянскай смеццевай плямы. Даследчыкі сабралі больш за сотню ўзораў плаваючага смецця даўжынёй не менш за 15 сантыметраў — ад бутэлек і буёў да рыбалоўных сетак і вяровак.

Кожны прадмет быў прамаркіраваны, сфатаграфаваны і пазначаны каардынатамі месцазнаходжання, перш чым быць адпраўленым для дэталёвага вывучэння ў лабараторыю.

Вынікі ўражваюць. Усяго было ідэнтыфікавана 46 розных відаў беспазваночных з шасці асноўных груп жывёл. Пры гэтым каля 80% выяўленых відаў былі прыбярэжнымі арганізмамі.

Амаль кожны кавалак смецця аказаўся заселены. Бесхрыбетныя прысутнічалі на 98% аб’ектаў. Пелагічныя віды сустракаліся больш чым на 94% прадметаў, а прыбярэжныя — больш чым на 70%. Часта на адным і тым жа кавалку пластыку жылі і тыя, і іншыя — фактычна ўтвараючы змешаныя супольнасці на «плывучых астравах».

У сярэднім кожны прадмет быў домам для 4—5 відаў. Асабліва багатымі на жыццё былі сеткі і вяроўкі — іх структура давала шмат месцаў для замацавання і сховішчаў

Асабліва важным назіраннем стала тое, што гэтыя арганізмы, выпадкова патрапіўшы ў адкрыты акіян, здольныя праходзіць там поўныя жыццёвыя цыклы. Даследчыкі выявілі самак з ікрой, а таксама асобін розных узроставых груп — ад маладых да дарослых. Гэта сведчыць, што новыя пакаленні развіваюцца непасрэдна на пластыку, а не прыбываюць туды з берага.

Чаму некаторыя віды квітнеюць на пластыку

Вывучыўшы прыбярэжныя віды, якія замацаваліся на пластыку, вучоныя вылучылі асноўныя рысы, што дапамагаюць ім выжываць у такіх умовах.

Многія з іх здольныя да бясполага размнажэння, а іх лічынкі не патрабуюць працяглага свабоднага плавання. Акрамя таго, яны могуць выкарыстоўваць розныя спосабы харчавання — напрыклад, фільтраваць часціцы з вады або харчавацца на паверхні субстрату.

З’яўленне такіх супольнасцяў прывяло да фарміравання новай з’явы — «неапелагічнай» супольнасці — экасістэмы адкрытага акіяна, у якой разам існуюць і традыцыйныя пелагічныя віды, і прыбярэжныя арганізмы.

Галоўная прычына гэтых зменаў — з’яўленне вялікай колькасці трывалых плаваючых паверхняў. Раней у адкрытым акіяне амаль не было аб’ектаў, да якіх маглі б замацоўвацца прыбярэжныя арганізмы. Пластык фактычна стварыў незлічоныя «плывучыя астравы», што змянілі ўмовы існавання марскога жыцця.

Такім чынам, пластыкавае забруджванне — гэта не толькі праблема смецця, але і фактар, які змяняе размеркаванне жыцця ў акіяне. Яно дазваляе прыбярэжным відам выжываць, размнажацца і распаўсюджвацца на вялікія адлегласці, што ў перспектыве можа паўплываць на структуру марскіх экасістэм ва ўсім свеце.

Чытайце таксама:

Чаму цямнее Сусветны акіян і чым гэта пагражае

Да балтыйскага ўзбярэжжа Германіі прыплыў гарбаты кіт і сеў на мель. Яго тыдзень спрабавалі ўратаваць, але не змаглі

Акіян за некалькі дзён змяніў аблічча аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі

Каментары да артыкула