БЕЛ Ł РУС

У Літве пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці былога прэм'ера і спікера парламента. Яго вінавацяць у карупцыі

16.04.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Літоўскі Сейм 16 красавіка прыняў рашэнне пазбавіць былога прэм’ер-міністра (2016-2020) і экс-спікера парламента (2024-2025) Саўлюса Сквярняліса дэпутацкай недатыкальнасці ў межах крымінальнай справы аб нібыта хабарніцтве, паведамляе LRT.

Саўлюс Сквярняліс. Фота: Dursun Aydemir/Anadolu Agency/Getty Images

За рашэнне прагаласавалі 102 дэпутаты, адзін быў супраць і двое ўстрымаліся — гэтага дастаткова, каб рашэнне было прынята.

Паводле Канстытуцыі Літвы, дэпутата нельга прыцягнуць да адказнасці або абмежаваць у свабодзе без згоды парламента. У гэтым выпадку працэдура прыняцця рашэння, аднак, была спрошчаная, бо на зняцце імунітэту пагадзіўся сам Сквярняліс.

Расследаванне супраць Сквярняліса звязана з карупцыйнай схемай у Дзяржаўнай службе раслінаводства. У справе фігуруюць нібыта атрыманыя хабары на суму больш за 1 мільён еўра.

Сцвярджаецца, што ў перыяд з чэрвеня да лістапада 2025 года Скверняліс мог некалькі разоў атрымаць не менш як 51 тысячу еўра наяўнымі, калі займаў пасаду спікера парламента. Грошы нібыта перадавала ягоная тагачасная дарадца, якая таксама працавала ў адпаведнай службе.

Таксама Сквярнялісу інкрымінуецца абяцанне выкарыстоўваць свой уплыў, каб пакінуць кіраўніка ведамства на пасадзе, уплываць на разгляд скаргаў і прызначэнні супрацоўнікаў. Следчыя таксама лічаць, што ён мог ведаць пра незаконнае паходжанне гэтых грошай.

Сам былы прэм'ер і спікер адмаўляе абвінавачанні і заяўляе, што не ўдзельнічаў у перамовах і не прымаў хабар.

Расследаванне ў цэлым тычыцца меркаванай карупцыі ў службе раслінаводства, дзе супрацоўнікаў падазраюць у выдачы фітасанітарных сертыфікатаў за грошы без належных праверак. Паводле пракуратуры, у справе можа быць арганізаваная група, якая сістэматычна атрымлівала хабар.

У справе фігуруюць каля 15 падазраваных, у тым ліку былыя чыноўнікі і палітыкі.

Саўлюс Сквярняліс заявіў у парламенце, што разглядае магчымасць увогуле адмовіцца ад мандата дэпутата і фактычна прызнаў, што яго палітычная кар’ера можа быць завершаная. Ён таксама адзначыў, што абарона ў такой справе патрабуе значных фінансавых выдаткаў.

Ён падкрэсліў, што хоча, каб недатыкальнасць была знятая, каб мець магчымасць абараняцца ў судзе, і эмацыйна адзначыў, што ўжо лічыць сябе асуджаным грамадствам пасля ператрусаў у яго доме і офісе.

Чытайце таксама:

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь

Спікер літоўскага парламента заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве

«Не павінна быць так, што ў адзін дзень мы запрашаем, а ў другі — дэпартуем» — былы прэм'ер аб праблеме беларусаў у Літве

Каментары да артыкула