БЕЛ Ł РУС

Баксёр Ян Хелін, які выступаў за Бельгію, пераедзе ў Беларусь

16.04.2026 / 21:36

Nashaniva.com

25‑гадовы баксёр Ян Хелін, які мае падвойнае грамадзянства, у ліпені пакіне Бельгію, каб працягнуць кар'еру ў Беларусі. Пра гэта напісала выданне DH Les Sports+, заўважыла «Люстэрка».

Ян Хелін. Фота з яго старонкі ў Instagram

Выданне адзначае, што такі выбар не выглядае нечаканым, калі ўлічваць, што Беларусь — радзіма маці Хеліна, і ў спартсмена там ёсць сваякі. Значна больш прыкметнай стала прычына пераезду.

«Там у мяне будзе больш магчымасцяў для развіцця кар'еры. Тут у мяне няма прафесійнага кантракта, як у спартсмена высокага ўзроўню, няма іншай падтрымкі, акрамя асабістых спонсараў, і мне амаль немагчыма выйсці на новы ўзровень. Калі я хачу рэалізаваць увесь свой патэнцыял, мне трэба з'ехаць», — адзначыў баксёр.

Выданне піша, што для бельгійскага бокса такая сітуацыя выглядае вельмі сумна. Ян Хелін знаходзіцца на ўздыме: летась у лістападзе ён удзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы, дзе саступіў французу Мілану Прату, і лічыцца адным з наймацнейшых прадстаўнікоў краіны на міжнароднай арэне.

«У Бельгіі вельмі хутка ўпіраешся ў шкляную столь. У Беларусі я ведаю, што вакол мяне будзе добрая каманда. У мяне нават будзе выбар месцаў для трэніровак і магчымасць працаваць у спарынгах з іншымі баксёрамі. У Бельгіі, на жаль, занадта моцны местачковы падыход, мала адкрытасці, а трэніроўкі часта праходзяць па-старому. Таму баксёр тут хутка дасягае мяжы магчымасцяў», — кажа Хелін.

Цалкам аднавіўшыся пасля нядаўняга пералому сківіцы, Ян Хелін вырашыў гэтую мяжу пераадолець.

«Але я, вядома, не разрываю ўсе сувязі з Бельгіяй. Спадзяюся наладзіць супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, магчыма, у выглядзе сумесных збораў для бельгійскіх і беларускіх баксёраў, каб гэта прынесла карысць як мага большай колькасці людзей», — падагульніў спартсмен.

Чытайце таксама:

З Сеула — у Мінск. Карэйскі футбольны легіянер расказаў пра жыццё ў Беларусі, ежу і службу ў арміі

Назвалі самага багатага атлета за ўсю гісторыю сусветнага спорту

Аляксандр Усік заявіў, што збіраецца ў будучыні балатавацца ў прэзідэнты Украіны

Каментары да артыкула