БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects

17.04.2026 / 09:11

Nashaniva.com

Адзін з яе заснавальнікаў, Андрусь Bezdar, цяпер пад следствам.

Сілавікі ўрываюцца ў архітэктурную студыю. Скрыншот відэа КДК

У сюжэце на СТБ паведамілі, што архітэктурную студыю ZROBIM architects абвінавачваюць у «шэрых» заробках і абыходзе падаткаў. 

«Праведзеным комплексам аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што значная частка выручкі, атрыманая ад аказання паслуг, не адлюстроўвалася ў бухгалтарскім уліку арганізацыі. Каб не пакідаць слядоў, службовыя асобы асабіста дамаўляліся з заказчыкамі паслуг аб правядзенні аплат як наяўнымі грашовымі сродкамі, так і з выкарыстаннем крыптавалюты. Пры гэтым кашалькі ствараліся фігурантамі на біржах, якія афіцыйна не зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь», — агучылі прэтэнзіі ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску.

У сюжэце заявілі, што «не менш за 60% ад усіх заробкаў» супрацоўнікам бюро выплачвалі «ў канвертах».

Сузаснавальнік студыі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) цяпер пад следствам. 

Андрэй Макоўскі. Скрыншот відэа СТБ

Другі сузаснавальнік, Аляксей Караблёў, жыве ў ЗША.

Фірму абвінавацілі ў тым, што з 2021 па 2025 год яна атрымала няўлічанага прыбытку на 6 мільёнаў даляраў. Сукупную шкоду бюджэту краіны ацанілі ў больш чым 5 мільёнаў рублёў.

Кампанія працягвае працаваць.

У ДФР паведамілі, што праверкі ў сферы працягнуцца — зоймуцца праектнымі арганізацыямі Мінска і вобласці, да якіх ёсць пытанні па выплаце падаткаў.

У офіс ZROBIM architects сілавікі прыходзілі 9 і 10 красавіка. Каля 50 супрацоўнікаў бюро былі затрыманыя, большасць пасля адпусцілі.

У пачатку сакавіка ў студыю прыходзіў ліст ад дзяржорганаў з патрабаваннем наняць у штат ідэолага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула