«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?
Па апошніх звестках Белстата, сярэдні заробак у Беларусі складае каля 2360 рублёў на рукі. Паглядзелі, як на фоне гэтых лічбаў выглядаюць заробкі ў медыкаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media
Афіцыйныя лічбы
Сярэдні заробак дактароў у 2025 годзе, паводле даных, агучаных прафсаюзам, склаў 4006 рублёў (каля 3445 рублёў на рукі), а сярэдняга медперсаналу — 2075 рублёў (каля 1785 рублёў на рукі).
У параўнанні з 2024 годам заробак дактароў у сярэднім вырас на 12,1%, а сярэдняга медперсаналу — на 15,5%.
Што паказваюць вакансіі?
Калі глядзець па вакансіях, то зарплату 4000 рублёў брута ўбачыць складана. Немалая частка спецыялістаў працуе на 1,25 або 1,5 стаўкі, што прыкметна ўплывае на выніковую зарплату ў медыкаў.
Пры гэтым хапае вакансій, дзе дактарам і на адну стаўку прапануюць заробак прыкметна большы за сярэдні па галіне.
Адны з самых высокааплатных вакансій знаходзяцца ў Слуцку і Салігорску, дзе ў прыватных медцэнтрах «Жадаем здароўя» гатовыя плаціць па 8 000 рублёў доктару ультрагукавой дыягностыкі, які мусіць мець не менш за тры гады стажу працы і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Скрыншот: gsz.gov.by
Шукаюць у медцэнтр і медсястру, якой гатовыя плаціць 1800—2000 рублёў.
Зарплату каля 5000 рублёў прапануюць намеснікам галоўнага доктара ў 32‑й паліклініцы Мінска і ў раённай бальніцы Вілейкі.
Скрыншот: gsz.gov.by
Таксама даволі высокія зарплаты прапануюць анестэзіёлагам і хірургам.
Напрыклад, бальніца хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне шукае доктара-хірурга (пластычнага), якому гатовыя плаціць ад 4 да 6 тысяч у месяц.
У аграгарадку Бабінічы, што пад Віцебскам, шукаюць загадчыка дэрматалагічнага аддзялення з зарплатай у 3400—3500 рублёў. Кандыдат мусіць мець не менш за пяць гадоў стажу.
Шараговым спецыялістам звычайна плацяць не больш за 2000—2500 рублёў за стаўку.
Так, напрыклад, афтальмолагу ў другой бальніцы Мінска гатовыя плаціць 2100—2500 рублёў.
Скрыншот: gsz.gov.by
Стаматолаг у гэтай жа бальніцы можа разлічваць на 3000 рублёў, а рэабілітолаг на 0,5 стаўкі — на 1200—1400 рублёў.
Хірург у паліклініцы №3 Бабруйска пры працы на 0,75 стаўкі будзе мець каля 2000 рублёў.
Крыху больш за вузкіх спецыялістаў зарабляюць дактары агульнай практыкі (раней іх называлі ўчастковымі тэрапеўтамі). Такому спецыялісту ў той жа бабруйскай паліклініцы гатовы плаціць ад 2400 да 3000 рублёў на поўную стаўку.
Скрыншот: gsz.gov.by
Доктару агульнай практыкі ў паліклініцы №6 Брэста прапануюць 2840 рублёў на стаўку.
Што кажуць самі дактары?
Доктар агульнай практыкі, якая працуе на паўтары стаўкі, кажа, што апошні год стабільна атрымлівае не менш за 3500 рублёў на рукі.
«У дактароў агульнай практыкі ў паліклініках зарплата традыцыйна крыху вышэйшая, чым у вузкіх спецыялістаў. Яны могуць мець прыблізна 1800—2000 рублёў, у нас каля 2300—2400. Плюс амаль усе бяруць 1,5 ці 1,25 стаўкі, таму ў выніку атрымліваецца годны па беларускіх мерках заробак», — кажа доктарка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Іншы суразмоўца працуе кардыёлагам, і таксама на паўтары стаўкі. Доктар кажа, што мае ад 3 да 4 тысяч рублёў на месяц.
«Калі прыходзяць студэнты, то за працу з імі даплачваюць, таму ў такія месяцы бывае зарплата па 4 тысячы. У звычайныя — у межах 3200—3300 рублёў», — прызнаецца спецыяліст.
Доктарка, якая займаецца ўльтрагукавой дыягностыкай і, як і іншыя суразмоўцы, працуе на паўтары стаўкі, мае каля 3000 рублёў на рукі.
Усе медыкі, з якімі давялося паразмаўляць, адзначаюць, што за апошнія гады заробкі ў медыкаў сапраўды падраслі, таму зарабляць тысячу даляраў на месяц і больш пры жаданні цалкам рэальна.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Праз гэта агучаныя афіцыйныя лічбы сярэдніх заробкаў у іх сумневу не выклікаюць.
«Акрамя таго, што многія працуюць больш чым на стаўку, ёсць анестэзіёлагі і хірургі, якія, апроч больш высокіх зарплат на стаўку, маюць дадатковыя дзяжурствы. Таксама дасведчаныя дактары могуць падпрацоўваць у прыватных медцэнтрах, дзе гадзіна працы аплачваецца лепш. А галоўныя дактары, іх намеснікі і іншыя кіраўнічыя пасады наогул аплачваюцца годна. Прынамсі па беларускіх мерках», — кажа адна з медыкаў-суразмоўцаў.