Беларускі і іх кавалеры другі год запар ратуюць эканоміку «Мілавіцы», пакуль рускія і еўрапейцы купляюць усё менш
Многія гэтага не ведаюць, але знакамітая «Мілавіца» належыць эстонскай кампаніі Silvano Fashion Group. Эстонцы апублікавалі гадавую справаздачнасць за 2025 год, з яе вынікае, што абсалютна ва ўсіх іншых краінах сталі купляць менш бялізны «Мілавіцы», і толькі самі беларусы не могуць намілавацца.
Ілюстрацыйнае фота: з каталога кампаніі «Мілавіца»
Эстонская Silvano Fashion Group — акцыянер пяці беларускіх кампаній. Гэта «Мілавіца» (у эстонцаў тут 85,02%), швейная фірма «Юнона» (58,33%), імпарцёр тканіны «Гіміль» (100%), рознічна-аптовая кампанія «Сільвана Фэшн» (100%), лагістычнае прадпрыемства «Балтспед лагістык» (50%).
Тут жа, у Беларусі, знаходзіцца 66% усіх фізічных актываў групы — 9,4 мільёна еўра з 14,2 мільёна еўра неабаротных актываў (будынкі, абсталяванне, вытворчыя лініі).
На канец 2025 года група мела ў Беларусі 65 уласных крам пад брэндам «Мілавіца» — за год адкрылі тры новыя.
«Мілавіца» так і не стала топавым еўрапейскім гульцом ніжняй бялізны, хаця яўна да гэтага імкнулася. Рэпрэсіі і вайна абмежавалі рэкламныя магчымасці ў краінах Еўрасаюза — рознічныя сеткі ў суседніх краінах спынілі браць беларускую прадукцыю з маральна-палітычных меркаванняў, а ўкраінскі рынак у прынцыпе закрыўся для тавараў made in Belarus.
Рост спажывання ў Расіі таксама запаволіўся, і выручка Silvano Fashion Group падае. У 2025 годзе кампанія згенеравала 55,4 мільёна еўра ў параўнанні з леташнімі 58 мільёнамі еўра.
З іх 30,8 мільёна еўра згенеравана ў Расіі, а 17,3 мільёна еўра — у Беларусі. Доля Беларусі ў даходзе групы штогод расце, і ў 2025 дасягнула рэкордных 31,3%.
У гэты ж час усе астатнія рынкі скарачаюцца: Расія скарацілася на 9,3% (яе доля ў агульнай выручцы цяпер 55,5%), іншыя рынкі (у асноўным — постсавецкія) на 11,4%, Балтыя — на 5,6%. Цяпер з балтыйскіх краін прыходзіць толькі смешныя 1,2 мільёна еўра выручкі на год.
Па сутнасці ўжо другі год запар Беларусь стала асноўным драйверам росту продажаў групы.
Але падкрэсленая лаяльнасць беларускіх спажыўцоў не ратуе агульнай фінансавай карціны — чысты прыбытак групы па выніках году крута знізіўся да 10 мільёнаў еўра (13,6 мільёна еўра было ў 2024).