Беларусам Алене і Крыстафу, у якіх у Варшаве згарэла арэндная кватэра, за дзень сабралі больш за $16 тысяч
Калі яны пабачылі дым з вокнаў, то кінуліся ратаваць сваіх катоў, Жопіка і Лізу.
Алена Аскерка і Крыстаф Лебапа
Беларускія айцішнікі Алена Аскерка і Крыстаф Лебапа жывуць у Варшаве. Перабраліся з Мінска пяць гадоў таму, увесь гэты час здымалі адну і тую аднапакаёвую кватэру. Алена часова не працуе, шукае новае месца.
15 красавіка, дзень нараджэння Крыстафа, яны запомняць надоўга. Увечары пайшлі ў краму па прадукты, а калі праз паўгадзіны вярталіся, то пабачылі чорны дым, які ішоў з іх акна.
Алена і Крыстаф пазванілі пажарным і кінуліся ў кватэру, каб уратаваць сваіх двух катоў — якія пераехалі з імі з Беларусі.
Кажуць, што Жопік выйшаў адразу, як толькі яго паклікалі. У яго абгарэла лапка. А Ліза не адгукалася. Гаспадарам давялося некалькі разоў выбягаць на лесвічную пляцоўку, каб падыхаць паветрам, а пасля вяртацца назад у ахопленую агнём кватэру. Нарэшце знайшлі і другую котку, яна ляжала на кухні і не рухалася.
У выніку абодвух катоў адвезлі ў ветэрынарную клініку. Іх змясцілі ў кіслародныя боксы, бо былі пашкоджаныя дыхальныя шляхі.
Пажарныя прыехалі праз пяць хвілін і ўзяліся тушыць агонь. Яны далі рады, аднак, па словах Алены, згарэла каля 95% рэчаў — і тэхніка, і адзенне, і дакументы, і грошы.
У Алены былі два беларускія пашпарты, звычайны і біяметрычны. Адзін з іх згарэў. Таксама згарэў беларускі пашпарт Крыстафа, але ў яго ёсць і польскае грамадзянства.
Ратавальнікі патлумачылі беларусам, што прычынай пажару мог стаць акумулятар пыласоса, аднак у афіцыйным дакуменце не сталі канкрэтызаваць — проста пазначылі, што загарэўся нейкі бытавы прыбор.
На месца здарэння прыехала і гаспадыня кватэры. Сама нерухомасць застрахаваная, як і рэчы гаспадыні. А вось наконт рэчаў беларусаў пытанні — хутчэй за ўсё, яны не трапляюць пад страхавое пакрыццё. Дый увогуле няясна, ці не зробяць іх саміх вінаватымі ў пажары.
Цяпер Алена і Крыстаф жывуць у сяброў. Яны адкрылі збор — грошы трэба і на арэнду жылля, і на куплю новых рэчаў, і, канечне, на лячэнне катоў.
На працягу першага дня беларусаў падтрымала амаль 1000 чалавек. Ужо сабрана амаль $17 тысяч, хоць спачатку арыенцірам яны пазначалі $10 тысяч. Збор працягваецца.
«Нам параілі абнавіць суму збору, бо людзі неверагодна спагадлівыя, і мы ўжо набліжаліся да першапачатковай сумы. У нас няма мэты ні аднавіць тое, што было, ні тым больш зарабіць, але гэта неверагодная падтрымка і хоць нейкае адчуванне бяспекі. Мы не можам паверыць у тую падтрымку, якую атрымліваем сёння ад людзей. Хоць, вядома, хацелася б, каб з намі гэтага ніколі не здарылася», — кажа Алена.
Лізу давялося пакінуць у стацыянары з кропельніцай для нырак і ў кіслародным боксе, бо ёй стала горш. А вось Жопік стабільны, хоць і вельмі напалоханы.
Дапамагчы беларусам і іх катам можна тут.