БЕЛ Ł РУС

Закон аб штрафах за прапаганду гомасэксуальных адносін і чайлдфры ўступіць у сілу ў чэрвені

18.04.2026 / 09:37

Nashaniva.com

Для людзей штраф да 900 рублёў, для юрыдычных асобаў — да 6750 рублёў.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Асноўныя палажэнні закона ўступяць у сілу праз два месяцы пасля апублікавання (у сярэдзіне чэрвеня).

Ён прадугледжвае дапаўненне Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях шэрагам новых артыкулаў. У прыватнасці, у законе з’яўляецца арт. 19.16 «Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі».

«Распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі з мэтай фарміравання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці або аб прызнанні педафіліі дапушчальнай — цягне накладанне штрафу да 20 базавых велічынь (сёння — 900 рублёў — НН), на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь (4500 рублёў), а на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 базавых велічынь» (4500—6750 рублёў), — гаворыцца ў артыкуле.

Калі названыя дзеянні прывялі да азнаямлення з такой інфармацыяй непаўналетняга, штраф складзе ад 20 да 35 базавых велічынь (900—1575 рублёў), таксама парушальніку могуць быць прызначаны грамадскія работы або адміністрацыйны арышт; для ІП штраф павялічыцца да 100—150 базавых велічынь, а для юрыдычнай асобы — да 150—200 базавых велічынь.

Чытайце таксама:

Лукашэнка падпісаў закон, якім уводзіцца адказнасць за «прапаганду» бяздзетнасці і гомасэксуалізму

Каментары да артыкула