Сям’і Маргарыты Ляўчук адмовілі ў крэдыце на жыллё ў Кіеве з-за таго, што яна беларуска
Паводле яе слоў, прычынай стала яе паходжанне. Пра гэта спявачка распавяла ў Threads.
Фота з інстаграма Маргарыты Ляўчук
«Нам не далі крэдыт на жыллё ў Кіеве, хаця мой муж украінскі вайсковец, ветэран вайны, які ваюе пяты год і быў цяжка паранены. А не далі, таму што жонка ягоная, то бок я, беларуска з беларускім пашпартам. І пофіг, якая ты беларуска і што ты зрабіла для Украіны і для таго, каб Беларусь была вольнай ад рэжыму Лукашэнкі. Крыўдна, мякка кажучы», — напісала оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.
«І больш за ўсё крыўдна за мужа, які жыццё за сваю краіну гатовы аддаць і шмат ужо разоў было не аддаў, а яму тыя, хто ні разу ў акопах не сядзеў, адмаўляюць у тым, што ягонай сям’і больш за ўсё зараз патрэбна — у сваім куце. Ганьба і сорам. Калі ўжо ўкраінцы зразумеюць, што беларусы не ёсць Лукашэнка, асабліва тыя беларусы, хто як і ўкраінцы зараз, жывуць ва Украіне падчас вайны і ваююць на баку Украіны?» — дадала яна.
У Беларусі на Маргарыту заведзена некалькі крымінальных спраў, яна з лета 2020 года жыла ў Вільні. У чэрвені 2024 года Маргарыту ўжо асудзілі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха» (ч. 1 арт. 361‑1 КК) і здзяйсненне ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў». Тады яна была завочна асуджаная да тэрміну ад шасці да васьмі гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 500 базавых велічыняў да 800 базавых велічыняў. Дакладны тэрмін не паведамляўся.
Потым яна перабралася ва Украіну, дзе ўзяла шлюб з Русланам Карнійкам, які ваюе на фронце. У 2024 годзе ў пары нарадзілася дзіця. Хлопчыка назвалі Максім.