БЕЛ Ł РУС

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе

18.04.2026 / 21:51

Nashaniva.com

Украінскія спецназаўцы ліквідавалі тэрарыста, які ў Кіеве застрэліў 6 чалавек і 15 чалавек параніў. З'яўляецца ўсё больш падрабязнасцяў, кім быў гэты чалавек. 

Стралка завуць Дзмітрый Васільчанкаў. Яму 58 гадоў. Нарадзіўся ў Маскве, меў грамадзянства Украіны. Раней жыў у Бахмуце Данецкай вобласці, пасля ў расійскай Разані, а ўрэшце — у Кіеве.

«У Галасееўскім раёне сталіцы 58‑гадовы ўраджэнец Масквы адкрыў страляніну, забіў чатырох чалавек, пасля чаго забарыкадаваўся ў памяшканні супермаркета і ўтрымліваў закладнікаў.

Паводле папярэдніх даных, ён выкарыстоўваў аўтаматычную зброю. Адначасова ўзнік пажар у кватэры, дзе быў зарэгістраваны нападнік», — заявіў генеральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка. 

Дзмітрый Васільчанкаў да 2004 года служыў ва ўкраінскай арміі, у батальёне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння 254‑й мотастралковай дывізіі, якая дыслакавалася ў Данецкай вобласці. З войска пайшоў, выслужыўшы пенсію.

Раней ён пастаянна жыў у Бахмуце, а ў 2015—2017 гадах часова — у расійскай Разані. Пазней вярнуўся ва Украіну і жыў у Кіеве непадалёк ад месца, дзе сёння адкрыў агонь па людзях.

На старонцы ў фэйсбуку, якая была актыўнай у 2016—2019 гадах і вялася пад нікам «Бахмут В.Д.В», Васільчанкаў публікаваў антыўкраінскія і антысеміцкія допісы.

У іх ён заклікаў да сілавой «зачысткі» грамадства, спасылаючыся на метады Адольфа Гітлера, адмаўляў легітымнасць Украіны і адкрыта шкадаваў, што Ігар Гіркін у 2014 годзе спыніўся на паўдарозе.

У 2024 годзе Дзмітрый Васільчанкаў трапіў пад суд за наўмыснае нанясенне целавых пашкоджанняў, але быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці пасля прымірэння з пацярпелым.

Зброя, з якой Васільчанкаў учыніў страляніну, была легальная і зарэгістраваная, сцвярджае міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка. Па яго словах, яшчэ ў снежні 2025 годзе мужчына звярнуўся ў сістэму, якая дае адпаведныя дазволы, з просьбай адстраляць гэтую зброю праз заканчэнне тэрміну, а таксама прынёс з сабой медыцынскую даведку. Цяпер следства будзе высвятляць, які менавіта орган выдаў мужчыну гэтую даведку і іншыя дазволы.

Чытайце таксама:

Тэрарыст у Кіеве забіў пяць чалавек і забарыкадзіраваўся ў супермаркеце. Яго застрэлілі падчас штурму

У Кіеве мужчына пачаў страляніну і ўзяў закладнікаў у супермаркеце

Каментары да артыкула