БЕЛ Ł РУС

Літовец, які шпіёніў на карысць рэжыму Лукашэнкі, падаў у суд на прэзідэнта Літвы, бо яго не абмянялі на беларускіх палітвязняў

19.04.2026 / 15:53

Nashaniva.com

Адбываючы дзевяцігадовы тэрмін за шпіянаж на карысць афіцыйнага Мінска, літоўскі юрыст Мантас Данелюс вырашыў, што дзяржава абавязаная абмяняць яго на сваіх грамадзян. Атрымаўшы адмову, ён ацаніў уласныя маральныя пакуты ў салідную суму і пайшоў судзіцца з кіраўніком краіны. 

Мантас Данелюс. Фота з яго фэйсбука

Як паведамляе літоўскае нацыянальнае выданне LRT, на наступным тыдні Рэгіянальны адміністрацыйны суд пачне разгляд беспрэцэдэнтнай скаргі. Зняволены турмы «Правянішкес-2» Мантас Данелюс патрабуе спагнаць з Канцылярыі прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы 100 тысяч еўра кампенсацыі маральнай шкоды. Прычынай такога абурэння сталі адказы прэзідэнцкага апарата наконт ініцыявання абмену з Беларуссю, якія здаліся асуджанаму шпіёну нездавальняючымі.

Жаданне Данелюса хутчэй пакінуць літоўскую турму цалкам зразумелае. Яшчэ ў маі мінулага, 2025 года ён звярнуўся да Гітанаса Наўседы з патрабаваннем неадкладна ініцыяваць ягоны абмен на грамадзян Літвы, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх калоніях. Сваю пазіцыю ён аргументаваў тым, што Крымінальны кодэкс краіны прадугледжвае ролю прэзідэнта ў падобных працэдурах.

Аднак бюракратычная машына дэмакратычнай дзяржавы працуе паводле строгіх працэдур, а не па жаданні асуджанага. У Канцылярыі прэзідэнта патлумачылі, што скаргу шпіёна не прызнаюць, бо з ягоных лістоў нават не вынікала, што ён просіць менавіта аб памілаванні, якое з'яўляецца базавым юрыдычным крокам для любога абмену.

Сам жа Данелюс скардзіцца журналістам, што адміністрацыя турмы адмаўляецца весці перамовы з замежнымі пасольствамі праз адсутнасць паўнамоцтваў, а ягоны ўласны адвакат баіцца кантактаваць з дыпламатамі з-за магчымага пераследу з боку Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Данелюс быў звычайным інфарматарам, які з ліпеня 2022 года па люты 2023 года абслугоўваў інтарэсы беларускай прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, цесна звязанай са спецслужбамі.

Карыстаючыся даверам беларускай дыяспары ў Вільні, ён уціраўся ў шэрагі апазіцыйных арганізацый, збіраў звесткі пра іх фінансаванне, праекты і асабістыя даныя актывістаў, чым ствараў прамую пагрозу для людзей, якія ўцяклі ад тэрору. Ягонай самай цынічнай аперацыяй стала сустрэча з былым добраахвотнікам палка імя Кастуся Каліноўскага: Данелюс пераканаў байца, што дзейнічае ў інтарэсах пасольства ЗША, таемна запісаў размову і адправіў яе ў Мінск. У маі 2025 года Апеляцыйны суд Літвы паставіў кропку ў ягонай справе, зацвердзіўшы прысуд у выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула