УСУ апублікавалі відэа знішчэння дэсантных караблёў у бухце Севастопаля
Аперацыю правяло Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны. Па караблях быў нанесены ўдар беспілотнікамі.
Вялікі дэсантны карабель праекта 775 «Ямал». Фота Wikimedia Commons
У ноч з 18 на 19 красавіка 2026 года байцы ГУР МА Украіны «Прывіды» нанеслі ўдары па двух вялікіх дэсантных караблях Чарнаморскага флоту Расіі — вялікіх дэсантных караблях праекта 775 «Ямал» і праекта 1171 «Мікалай Фільчанкаў».
У момант удару караблі знаходзіліся ў найлепш абароненай Севастопальскай бухце. Відэа падлёту беспілотнікаў да караблёў Мінабароны Украіны апублікавала 20 красавіка.
▪️ ВДК праекта 775 «Ямал» — карабель 1988 года выпуску, даўжынёй 112,5 метра і здольнасцю перавозіць да 500 тон грузу, у тым ліку бранятэхніку і дэсант. Прыблізны кошт карабля — больш за 80 мільёнаў даляраў.
▪️ ВДК праекта 1171 «Мікалай Фільчанкаў» — карабель 1975 года выпуску грузападымальнасцю да 1000 тон, што дазваляе перавозіць дзясяткі адзінак бранятэхнікі і вялікі дэсантны кантынгент. Прыблізны кошт карабля — больш за 70 мільёнаў даляраў.
Па ацэнках украінскага боку, абодва караблі выведзеныя з ладу.
У межах аперацыі разведчыкі таксама знішчылі ў Севастопалі радыёлакацыйную станцыю «Падлёт-К1». Прыблізны кошт комплексу РЛС складае 5 мільёнаў даляраў.
Чарнаморскі флот Расіі больш амаль не выходзіць з бухтаў Новарасійска, Севастопаля і Ачамчыры, але і там становіцца аб'ектам перыядычных удараў УСУ.