«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы
У інтэрв’ю расійскаму каналу Russia Today Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адмена савецкай канстытуцыйнай нормы пра кіраўнічую і накіроўваючую ролю Камуністычнай партыі была памылкай, падкінутай «ворагамі».
Аляксандр Лукашэнка і Кім Чэн Ын падчас сустрэчы дыктатараў у Паўночнай Карэі, 26 сакавіка 2026. Фота Belarus Presidential Press Service via AP
20 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі апублікавалі дзясяткі фрагментаў інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі расійскаму прапагандысцкаму каналу. У якасці асноўнага паслання сотні дзяржаўных СМІ і каналаў акцэнтуюць крытыку палітычных сістэм, заснаваных на свабодных выбарах.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ў часы Савецкага Саюза зычліўцы з Захаду падбухторвалі да барацьбы з кіраўнічай і накіроўваючай роляй Камуністычнай партыі, якая была замацавана ў Канстытуцыі. «А, як сёння выявілася, усё гэта было брахнёй, заходняй брахнёй», — заявіў дыктатар.
Перапост паведамлення БелТА каналам Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Беларусі
Перапост таго самага паведамлення БелТА рэгіянальным СМІ
«Заходнікі нам рэкамендавалі перш за ўсё шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў ды іншае, іншае, іншае. Яны нам рэкамендавалі, а мы гэтага трымаліся. У авангардзе ішла, вядома, Расія на чале з Ельцыным, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Да чаго гэта прывяло, вы гэта ведаеце. Асабліва на прыкладзе Расіі».
Лукашэнка паўтарыў сваё лжывае сцвярджэнне, што, будучы дэпутатам, галасаваў супраць распаду Савецкага Саюза. (Насамрэч, адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савета 12‑га склікання, які галасаваў супраць, быў Валерый Ціхіня, захаваліся адпаведныя архіўныя дакументы. Сам Лукашэнка ад галасавання ўхіліўся.)
Заявы Аляксандра Лукашэнкі могуць сведчыць пра намер адмяніць нават фармальнае абранне кіраўніцтва краіны на ўсеагульных выбарах і вярнуцца да сістэмы, якая існавала ў СССР ды ў той ці іншай форме захавалася ў Кітаі, КНДР, на Кубе.
У ёй фармальна кіраўніка дзяржавы абірае вузкае кола эліты, аформленае ў кіруючую партыю — у Беларусі гэта можа быць сфармаваны па спісах, спушчаных зверху, Усебеларускі народны сход, які галасуе аднагалосна. А фактычна мае месца нічым не абмежаваная ўлада аднаго чалавека, сям’і ці групы людзей.
Інтэрв'юер з Russia Today падыгрываў Аляксандру Лукашэнку, заяўляў, што той карыстаецца масавай падтрымкай людзей.
Падчас інтэрв'ю ў 71‑гадовага дыктатара моцна трэслася галава. Гэты трэмар упершыню стаў заўважны ў яго два з паловай гады назад, цяпер ён узмацняецца.
Апошні раз Аляксандр Лукашэнка дазволіў рэгістрацыю непадкантрольнага сабе кандыдата ў 2020 годзе, калі ЦВК дапусціў да выбараў Святлану Ціханоўскую. Мяркуючы з пратаколаў з тых участкаў, як гарадскіх, так і сельскіх, дзе падлік галасоў ажыццяўляўся празрыста, Лукашэнка разгромна прайграваў.
Але не аддаў уладу, а прымусіў Ціханоўскую выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады пачалі палітычныя рэпрэсіі. Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну, яшчэ сотні тысяч патрапілі ў рознага тыпу «чорныя спісы» на звальненне ці абмежаванне правоў. Каля 150 тысяч сталі ахвярамі крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.