Першы беларускі пашпарт з «Пагоняй» атрымаў Лукашэнка, а другі — школьнік Юрый Чарняк. Як склаўся лёс хлопца?
Пасля здабыцця незалежнасці ў Беларусі некалькі гадоў працягвалі выдаваць савецкія пашпарты ўзору 1974 года. І толькі ў 1994-м, ужо пры Лукашэнку, надрукавалі новыя пашпарты, з «Пагоняй». Іх урачыста выдаваў міністр унутраных спраў Юрый Захаранка.
Пра такую значную падзею, як выдача першых пашпартоў незалежнай Беларусі, пісалі ў СМІ. Пашанцавала тады вучням мінскай школы № 37.
Захавалася нататка пра тое, што перад пачаткам новага навучальнага года ўручаць дакументы дзецям туды прыехаў міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Пашпарт пад нумарам 2 (першы, вядома, атрымаў Аляксандр Лукашэнка, як прэзідэнт) атрымаў Юрый Чарняк. Пра хлопца, які шчасліва пасміхаўся на фота, паведамлялася толькі тое, што ён выдатнік.
Як жа склалася яго жыццё?
Юрый пайшоў у навуку. Скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці «Сацыялогія» — быў адным з найлепшых выпускнікоў. Потым пайшоў выкладаць свой прадмет у БДУ. Таксама нейкі час кіраваў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй «Соцыум».
Юрый Чарняк. Фота з яго сацсетак
У 2007 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Сацыяльныя рызыкі моладзі Рэспублікі Беларусь: сацыялагічны аналіз».
У 2015 годзе прайшоў перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спецыяльнасці «Інфармацыйна-ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі».
Праз два гады Юрыя ўзнагародзілі дыпломам БДУ за перамогу ў конкурсе на найлепшага кіраўніка і арганізатара навукова-даследчай работы студэнтаў і аспірантаў.
Юрый Чарняк
У 2018 годзе ён перайшоў у Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук, стаў намеснікам дырэктара па навуковай працы.
Ён даследаваў самыя розныя пытанні. Напрыклад, сацыяльныя рызыкі моладзі, дыскрымінацыю асобных сацыяльных груп у Беларусі, феномен патрыятызму ў масавай свядомасці беларусаў.
У свой час Чарняк працаваў і ў прыватным БІПе — Універсітэце права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій, быў намеснікам дэкана эканоміка-прававога факультэта.
У 2024 годзе Юрый раптоўна памёр. Было яму тады ўсяго 46 гадоў.