«Денег нет, но вы держітесь». Памерла жанчына з Крыма, якой Мядзведзеў гэта казаў
Пасля сустрэчы з Мядзведзевым ёй павысілі пенсію, але на суму ў 6 разоў меншую, чым абяцалі.
Ганна Буянава
Памерла расійская пенсіянерка Ганна Буянава, якой Мядзведзеў казаў «Денег нет, но вы держітесь», паведамляе праект «Пост».
Мем «Денег нет, но вы держітесь» нарадзіўся ў 2016 годзе, калі тагачасны прэм'ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў наведваў Феадосію ў акупаваным Крыме. Яго тады абступіў натоўп жыхароў. 60‑гадовая Ганна Буянава абурылася памерам пенсіі, Мядзведзеў апраўдваўся.
«Проста грошай няма. Знойдзем грошы, зробім індэксацыю. Вы трымайцеся тут, усяго добрага, добрага настрою», — так гучалі словы Мядзведзева, але ў народзе іх скарацілі да вядомага выразу.
Буянава жыла ў вёсцы Навапакроўка. Гаспадарка была галоўнай крыніцай яе даходу: яна трымала хатнюю птушку, вырошчвала гародніну і садавіну. У Ганны 30 гадоў працоўнага стажу. Пасля сустрэчы з Мядзведзевым ёй павысілі пенсію, але на суму ў 6 разоў меншую, чым абяцалі.
Некалькі разоў да Ганны прыязджалі рэпарцёры. Але апошнія шэсць гадоў пра яе жыццё не было вядома.
«Яна працавала ў розных месцах. У сталоўцы працавала. На пенсіі была. Гаспадаркі ўжо не было, каб яе не напружваць», — распавёў малодшы сын Буянавай Мікалай. Паводле яго слоў, пенсію ёй паднімалі на 500 рублёў, асаблівай сацдапамогі для маці ён не прыгадвае.
У красавіку мінулага года ў Ганны здарыўся першы інсульт, у канцы ліпеня — другі. Буянава памерла 2 жніўня 2025-га.