БЕЛ Ł РУС

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

23.04.2026 / 09:00

Nashaniva.com

У пачатку красавіка 2026 года ў некалькіх рускамоўных тэлеграм-чатах Еўропы з'явіліся аднолькавыя паведамленні. Карыстальнік пад мянушкай Corrupted прапаноўваў «вакансію кіроўцы з асабістым аўтамабілем па Еўропе». Аплата — 2000 даляраў за паездку, 2—3 паездкі на тыдзень. Патрабаванні: уласны аўтамабіль на чатыры месцы, досвед не патрэбны. Мы высветлілі, што так вярбуюць людзей, гатовых за грошы вазіць мігрантаў, якія праніклі ў ЕС з тэрыторыі Беларусі. Мы раскрылі маршруты перавозкі мігрантаў і супольнасць людзей, якія вярбуюць кіроўцаў.

Ілюстрацыйная выява, згенераваная нейрасеткай

У пачатку красавіка 2026 года ў чаце беларусаў Вільні з'явілася паведамленне. Карыстальнік пад нікнэймам Corrupted прапаноўваў вакансію кіроўцы. «Маршрут 80 км, 16 чалавек, можна ўсіх па чарзе забраць. За кожнага чалавека $200». Ён разаслаў гэта паведамленне яшчэ ў дзясяткі чатаў па пошуку працу ў Літве, Польшчы і Латвіі.

Паведамленне з чата беларусаў Вільні

«Вазіць трэба мігрантаў», — адразу прызнаўся Corrupted у асабістай перапісцы. Ніткі вялі да тэлеграм-чата групоўкі, якая называе сябе Project X.

Схема з некалькімі звёнамі

Project X — адна з многіх падобных суполак. Для перавозкі мігрантаў яны стварылі разгалінаваную сістэму вярбоўкі. Такія як Corrupted выконваюць функцыі HR-менеджараў. Іх галоўная задача — забяспечыць бесперапынны паток новых кіроўцаў, якія маюць асабісты транспарт і права легальна перамяшчацца па тэрыторыі ЕС.

Спачатку рэкрутэры публікуюць аб'явы аб працы ў папулярных тэлеграм-каналах для рускамоўных мігрантаў (напрыклад, «Грузоперевозки», «Польша Работа», «Русские в Чехии», «Latvia Bazar»).

Вакансія апісваецца як «кіроўца з асабістым аўтамабілем па Еўропе для транспарціроўкі пасажыраў на адлегласці каля 100 км». Кандыдатам абяцаюць стабільны паток заказаў, не патрабуюць досведу працы і прапануюць надзвычай высокую аплату, да $2000 за паездку з поўнай кампенсацыяй паліва. Сапраўдная сутнасць працы раскрываецца ў прыватных паведамленнях, калі патэнцыйны кандыдат ужо зацікаўлены фінансавымі ўмовамі. 

Трансгранічны калідор: ад Дагды да Берліна

Перапіскі з закрытага чата ілюструюць, як хітра там прадуманая лагістыка. Адзін з асноўных маршрутаў пачынаецца каля латвійскага горада Дагда (паблізу мяжы з Беларуссю).

Стартавая кропка маршруту — горад Дагда ў Латвіі

Адтуль мігрантаў вязуць праз некалькі кропак праз усю Літву ў абыход буйных дарог.

Маршрут, па якім возяць мігрантаў. Скрыншот з суполкі

Іх давозяць да вёскі Кучунай (Kučiūnai), што за 2,5 км ад польскай мяжы. Там мігрантаў высаджваюць, каб яны пешшу перайшлі мяжу, пасля чаго на польскім баку іх падхоплівае іншы кіроўца. За кожнага па маршруце плоцяць $1000, з якіх $650 дастаецца кіроўцам, а $350 бярэ сабе аператар.

Канчатковы пункт маршрута, па якім возяць мігрантаў. Скрыншот з суполкі

Іншы маршрут пралягае побач з беларускімі Лынтупамі па дарозе побач з Сірвятайскім нацыянальным паркам. «Мусароў тут няма, кропка нармальная», — супакойваў Corrupted сваіх кіроўцаў. Цана пытання — $200 за чалавека, вазіць можна па чарзе, дарога крыху болей за 80 км.

Стартавы пункт маршрута. Скрыншоты з гугл-карт

Трэці маршрут ідзе праз літоўскі Панявежыс. Калі забіраць людзей адтуль, то цана пытання — $250 за чалавека, дастаткова машыны з чатырма месцамі.

У суполцы Project X team карыстальнік Corrupted публікаваў схему цалкам: мігрантаў вязуць праз Латвію і Літву рознымі шляхамі да польскай мяжы, высаджваюць за 5—10 кіламетраў ад памежнага пункта, каб яны перайшлі яго пешкі. Потым іх забірае кіроўца на польскім баку і давозіць да Германіі. Там яны кажуць, што не ведаюць, як трапілі ў ЕС, і падаюцца на бежанства.

На кожным пункце мяняецца аўто і кіроўца.

Таксама шукаюць аўтобусы або фуры з рэгіёнаў побач з Рыгай і Каўнасам. Перад транспартам з мігрантамі, куды могуць загрузіць ад 30 да 100 чалавек, заўсёды едзе машына суправаджэння, якая правярае дарогу на наяўнасць паліцэйскіх пастоў.

З аднаго паспяховага рэйса фуры кіроўцы могуць атрымаць да $65 тысяч, а аператар, які нічым не рызыкуе, — да $35 тысяч. За ноч можна перавезці мігрантаў на легкавушцы на некалькі тысячаў.

Хто курыруе суполку па вярбоўцы мігрантаў?

Акаўнт @alcopone123 з id5961184921, які пазначаны як куратар у пошуку кіроўцаў па ЕС, раней належаў расіяніну Дзмітрыю Карпаву. Родам ён з пасёлка Трудармейскі Пракоп'еўскага раёна Кемераўскай вобласці Расіі.

Дзмітрый Карпаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Ён быў у даўгах і нават арганізацыі, якія даюць мікракрэдыты, яму адмаўлялі. Карпаў некалькі разоў судзімы за крадзяжы і наркотыкі. Апошні раз яго змясцілі ў СІЗА летам 2024 года за тое, што ён спрабаваў забраць закладку з наркотыкам альфа-PVP з хованкі на дачах побач з расійскім Навакузнецкам.

З СІЗА Карпаў завербаваўся на вайну. У красавіку 2025‑га ён загінуў у мясным штурме пад Сялідавым. Нядаўна цела даставілі на радзіму і пахавалі.

Перахапіў тэлефонны нумар, а з ім і акаўнт, удзельнік Project X, вядомы пад нікнэймам Q. Па звестках з чата, гэта 24‑гадовы Уладзіслаў з расійскага Варонежа. Нядаўна яго выкінулі з каманды за тое, што ён кінуў сваіх падзельнікаў на $20 тысяч.

Уладзіслаў, які хаваецца пад нікнэймам Q

Раней Q быў адным з галоўных вярбоўшчыкаў «ног» — кур'ераў для махлярскіх колцэнтраў. Заробкі ён абяцаў немалыя, тысячы даляраў за тыдзень. Каб ускладніць працу паліцыі, яны вербавалі людзей з іншых рэгіёнаў ці краін, якім знаходзілі грошы на пералёт і пражыванне.

Але, па звестках з чата, у выніку Уладзіслава затрымалі, калі ён хацеў падмануць кур'ера сваёй жа групіроўкі і прысабечыць грошы. Акаўнт, з якога ён раней пісаў, цяпер неактыўны, а сам Уладзіслаў казаў былым паплечнікам, што «ўжо падпісаў кантракт і паедзе на СВА».

Хранічны даўжнік з Казахстана з дзвюма дзецьмі

Мы знайшлі яшчэ аднаго чалавека, які вербаваў кіроўцаў праз чат. Гэта 37‑гадовы грамадзянін Казахстана Міхаіл Дзееў з горада Атырау. У чатах ён хаваецца пад нікам @HotCKnukless (id942767120). Дзееў не арганізатар, але актыўна шукаў перавозчыкаў для мігрантаў.

Міхаіл Дзееў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Паводле баз даных, яшчэ ў 2005 годзе ён, будучы непаўналетнім, ухіляўся ад атрымання сярэдняй адукацыі, і быў затрыманы ў Алматы. Затрымлівалі яго і ў 2010 годзе за дробнае хуліганства. 

У мужчыны дзве маленькія дачкі. Раней працаваў ахоўнікам у розных крамах. Цяпер Міхаіл фігуруе як дырэктар ТАА «Vb Company» — кампаніі ў Алматы, якая прадае оптам сантэхнічнае абсталяванне. Аднак падобна, што гэта фэйкавая кантора, дзе ён намінальны дырэктар, а ягонае жыццё больш нагадвае бясконцую вайну з крэдыторамі.

Судовыя выканаўцы шмат разоў выносілі супраць Дзеева пастановы аб забароне на распараджэнне маёмасцю з-за сістэматычных неплацяжоў. Ён мае запазычанасці перад банкам і мікрафінансавымі арганізацыямі, неаплачаныя штрафы за пераход дарогі ў неналежным месцы. Агулам — каля $1000, якія ён усё ніяк не мог аддаць.

Міхаіл Дзееў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У маі 2021 года ён беспаспяхова спрабаваў атрымаць яшчэ адзін мікразайм праз сэрвіс qanat.kz.

У тэме чорнага заробку Міхаіл з 2022 года. Яго актыўнасць не абмяжоўваецца мігрантамі. Сярод яго лічбавых слядоў фіксуюцца:

Вучань каледжа-наркаман з Малдовы

Яшчэ адзін вярбоўшчык з чата — 18‑гадовы малдаванін Грыгорый Коваль (@x01_x66, id1942580991). Ён скончыў школу ў 2024 годзе і паступіў на бюджэт у Каледж ветэрынарнай медыцыны і аграрнай эканомікі ў сяле Братушаны.

Сябе ён называе гагаузам — гэта народ, які жыве на ўсходзе Малдовы на аднайменнай аўтаномнай тэрыторыі. Гагаузія адметная прарасійскімі настроямі жыхароў.

Раней Грыгорый падпрацоўваў закладчыкам наркотыкаў. У жніўні 2024 года ён справаздачыўся ў адным з чатаў, што «раскідаў марыхуану па Кішынёве». Ён і сам раней ужываў наркотыкі, але «два гады як чысты».

Таксама хваліўся тым, што адсотак з кожнага злачынства аддае ў дабрачынныя фонды дапамогі жывёлам, бо «вельмі іх любіць».

Але ў зносінах з ахвярамі, якіх ён называе «мамантамі», хлопец паводзіць сябе вельмі жорстка і ганарыцца гэтым. Грыгорый называе сябе «псіхолагам», якому падабаецца здзекавацца з даверлівасці людзей, выцягваючы з іх апошнія грошы або прымушаючы выконваць прыніжальныя дзеянні за абяцанні вярнуць сродкі.

У канцы сакавіка 2026 года хлопец скардзіўся, што хутка яму літаральна не будзе чаго есці, і прызнаўся, што з сябрамі яны ўскрывалі дамы, каб красці металалом.

Project X team

Суполка Project X утвораная напрыканцы 2025 года. Раней яны працавалі адразу па некалькіх напрамках, і мігранцкі кірунак пачалі распрацоўваць толькі ў пачатку красавіка.

Лагатып суполкі ProjectX

Пачыналі яны з падману карыстальнікаў у сферы крыптавалют. Згодна з паведамленнямі саміх удзельнікаў, актыўная фаза пачалася за некалькі месяцаў да вярбоўкі кіроўцаў. Сутнасць схемы заключалася ў стварэнні фэйкавых платформ абмену крыптавалютаў, якія заваблівалі ахвяр, а пасля пераводу сродкаў проста іх блакавалі.

Існуе ў іх яшчэ адна тэма — рэкет. Сэнс у тым, каб казаць людзям, што крыптавалюты можна памяняць толькі ў таямнічым офісе арганізацыі, выклікаць ім фэйкавае таксі ці прызначыць сустрэчу ў ціхім месцы, а пасля завабліваць у бязлюднае месца і рабаваць. Заяўляецца, што яны працуюць у некаторых гарадах Казахстана, Маскве, Пецярбургу, Лондане, Празе і Рызе, а таксама ў Германіі.

Project X працуе з распрацоўшчыкамі і прадаўцамі траянаў аддаленага доступу (Remote Access Trojans — RAT). У закрытых чатах яны гандлююць шкоднаснымі праграмамі для аперацыйнай сістэмы Android — AhMyth, SpyNote і Venom stealer.

Такія праграмы даюць поўны кантроль над тэлефонам ахвяры. Атрымаўшы доступ да прыватных фота, ліставанняў і банкаўскіх кліентаў, групоўка выкарыстоўвае гэтую інфармацыю для крадзяжоў і вымагальніцтва сродкаў.

Працуюць яны і па тэме падману пенсіянераў, шукаючы кур'ераў, якія забіраюць грошы.

Таксама займаюцца вярбоўкай людзей на вайну ў Расію. Адметна, што расцэнкі там вельмі розныя — за жыхара Якуціі плацяць у разы меней, чым за жыхара Масквы ($330 супраць $3300).

Паведамленні з чата Project X Team

Яшчэ адзін іх кірунак — знаходзіць людзей, якія будуць фатаграфаваць магілы памерлых расійскіх вайскоўцаў, каб пасля падманваць іх сваякоў, прадаючы даныя ўжо ўкраінскім махлярскім кол-цэнтрам. За адно фота плацяць менш за 1 даляр.

Казначэй і іншыя адміністратары

Другой ключавой фігурай у кіраванні перавозкай мігрантаў нароўні з Q з'яўляецца карыстальнік пад нікам Kaznachey (вядомы раней як Flyer і A$eXeL). Ён пачынаў з працы з даркнэт-наркашопамі і не выдае асабістых звестак, толькі раздае каманды. Магчыма, ён родам з Украіны, бо першыя ягоныя паведамленні размешчаныя ва ўкраінскіх чатах, дзе ён кажа, што данаціць са сваіх злачынстваў на ўкраінскіх вайскоўцаў.

Выява ў тэлеграме карыстальніка Kaznachey

Kaznachey курыруе працу спецыялізаваных тэлеграм-ботаў, якія аўтаматычна апрацоўваюць заяўкі і фіксуюць паступленне сродкаў. Ён выдае тэхнічныя справаздачы іншым удзельнікам. Больш за тое, ён валодае адміністратыўнымі правамі доступу да гэтых ботаў, выкарыстоўваючы каманды кіравання.

Казначэй цалкам кантралюе фінансы суполкі. Ён піша пра гранічныя аб'ёмы аперацый, пацвярджае выкананне абавязацельстваў перад выканаўцамі і рэгулюе праблемы з балансамі. Акрамя фінансаў, ён выконвае дысцыплінарныя функцыі, стымулюючы актыўнасць рэкрутэраў і спамераў. У іерархіі ён знаходзіцца на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва, узаемадзейнічаючы з распрацоўшчыкамі («кодэрамі») і кіруючы дзясяткамі шэраговых выканаўцаў («воркераў»).

Яшчэ адзін адміністратар суполцы па мянушцы FONVIZIN можа быць родам з Беларусі — ён карыстаецца беларускім нумарам.

Выява з акаўнта FONVIZIN. Інтэр'ер кватэры супадае з тым, што карыстальнік FONVIZIN публікаваў раней

А яшчэ раней ён быў падпісаны ў тэлеграме як А Ю Грамовіч — невядома, ці гэта сапраўднае ягонае імя, але адзіны вядомы чалавек з такімі ініцыяламі ўдзельнічаў у студэнцкай канферэнцыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Скарыны. Там ён рабіў даклад на тэму «Распрацоўка адукацыйнай 2Д гульні».

Іншыя адміністратары жывуць у краінах постсавецкай прасторы — Расіі, Азербайджане і іншых.

Для перавозкі мігрантаў суполка інтэгравалася ў яшчэ больш буйную сетку і працуе пад кіраўніцтвам куратара, які ўзгадваецца ў дыялогах і дае адмашкі на актывізацыю або прыпыненне трафіку праз еўрапейскія межы. Асобы арганізатараў бізнэсу нам невядомыя.

Атмасфера ў Project X team

У суполцы пануе атмасфера татальнага недаверу. Удзельнікі пастаянна падазраюць адзін аднаго ў крадзяжы грошай або зліве інфармацыі канкурэнтам. Даходзіць да адкрытых пагроз фізічнай расправай: напрыклад, удзельнікі абмяркоўваюць план зарэзаць аднаго з удзельнікаў за тое, што «падкручваў карты» (то-бок краў грошы).

Сярод удзельнікаў чата — эпідэмія нарказалежнасці. Там пастаянна ідзе абмеркаванне набыцця і ўжывання наркатычных рэчываў. Удзельнікі рэгулярна згадваюць не толькі ўжыванне марыхуаны, але і цяжкіх сінтэтычных стымулятараў, такіх як мефедрон і альфа-PVP («солі»). У перапісках сустракаюцца фразы накшталт «месяц жру соль» і ўвогуле шмат апісанняў наступстваў ужывання наркотыкаў.

У чаце рэгулярна з'яўляюцца дзяўчыны-падлеткі ўзростам ад 13 гадоў, якіх старэйшыя ўдзельнікі адкрыта схіляюць да інтыму або прапануюць працу на вэб-камерах і празвонах ахвяр. Нармальным лічыцца і падключаць да працы ўласных партнёрак, нават непаўналетніх.

У выніку суполка выглядае як прытулак залежных маргіналаў, уцягнутых у крымінал. З аднаго боку, яны абмяркоўваюць здзелкі на «$10‑50 тысяч», «Тэслы» і адпачынак у Дубаі ды выхваляюцца адно перад адным раскошным жыццём. Але іхняе рэальнае жыццё такое, што яны просяць адзін у аднаго пазычыць па некалькі даляраў, скардзяцца, што не маюць грошай, каб аплаціць камуналку, ядуць маянэз замест нармальнай ежы і прызнаюцца, што ў духоўцы «толькі пустая бутэлька ад гарэлкі».

Карыстальнік FONVIZIN хваліцца заробкамі, імаверна — фэйкавымі. На камп'ютары насупраць — просьба заплаціць за актывацыю Windows

Імаверна, арганізатары супольнасці жывуць няблага, але большасць удзельнікаў ці то зарабляюць вельмі мала, ці то адразу прагульваюць злачынныя заробкі.

Чытайце таксама:

МЗС Літвы выдала ноту пратэсту супраць Беларусі і прыгразіла зноў закрыць мяжу

Літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 30 нелегалаў, якія вылазілі з падкопу на мяжы

Плынь нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Польшчу скарацілася на 96%

Каментары да артыкула